Падзяка за шчырую працу: віншаванне ад кіраўніцтва раёна са святам "Дажынкі"
У гэтыя восеньскія дні мы падсумоўваем вынікі адной з самых галоўных сельскагаспадарчых кампаній, аддаём даніну заслужанай павагі людзям, якія ўкладваюць у няпростую хлебаробскую справу душу, веды і вопыт.
Жніво з'яўляецца сур'ёзным іспытам для вяскоўцаў. Яно ацэньвае арганізатарскія магчымасці кіраўнікоў і спецыялістаў, правярае здольнасць да ўзаемадзеяння розных служб, уменні камбайнераў, вадзіцеляў, трактарыстаў, працаўнікоў зернятокаў, надзейнасць уборачнай тэхнікі і сушыльнай гаспадаркі. І ў чарговы раз гэты экзамен вытрыманы: дзякуючы штодзённай напружанай і зладжанай рабоце, высокаму прафесіяналізму, асабістай адказнасці, руплівасці, гаспадарскім адносінам да зямлі-карміцелькі аграрыі якасна абмалацілі збожжавы клін, дапрацавалі сабраны ўраджай, унеслі свой уклад у важкі рэспубліканскі каравай і забеспячэнне харчовай бяспекі краіны.
Наша агульная задача – і ў будучым не зніжаць планку, імкнуцца дасягаць добрых вынікаў, прымнажаць здабыткі дзеля ўмацавання эканамічнага патэнцыялу і развіцця рэгіёна. Шаноўныя працаўнікі вёскі Любанскага раёна, жадаем вам далейшых поспехаў у высакароднай працы на нашай роднай зямлі, моцнага здароўя, дабрабыту, поспехаў, высокіх ураджаяў і сонечнага надвор'я! Хай у вашых дамах пануюць спакой, дастатак, цяпло, утульнасць, паразуменне, шчасце і гармонія!
Віталій ПЛАТУН, старшыня Любанскага райвыканкама.
Андрэй ДРАБУДЗЬКА, старшыня раённага Савета дэпутатаў.









