Зяблевая апрацоўка глебы – адзін з важных аграпрыёмаў

Сельское хозяйство
6 ноября 2024
221

Ад своечасовага і якаснага яго выканання залежыць і лёс будучага ўраджая. Таму, у прыватнасці, у адкрытым акцыянерным таварыстве “Асавец-агра” эфектыўна вядзецца гэта работа.

– Калі восенню ўзараць палеткі і пакінуць іх зімаваць, то ў глебе адбываецца шмат карысных працэсаў. Па-першае, на паверхні аказваюцца лічынкі розных шкоднікаў, якія ад холаду гінуць, а падземныя хады грызуноў руйнуюцца. Па-другое, знішчаюцца ўсходы пустазелля, іх каранёвая сістэма парушаецца. Па-трэцяе, захоўваецца вільгаць, ствараюцца спрыяльныя ўмовы для жыццядзейнасці карысных мікраарганізмаў. Да таго ж зяблевая апрацоўка важная і ў арганізацыйна-эканамічным плане, так як значна змяншае напружанасць падчас вясновых палявых работ: дазваляе без затрымкі ў лепшыя агратэхнічныя тэрміны загарнуць насенне сельгаскультур, – распавёў галоўны аграном гаспадаркі Андрэй Дарожка.


Таму да правядзення восеньскага ворыва асавецкія земляробы падыходзяць з адказнасцю. Механізаванае звяно ў складзе трактарыстаў-машыністаў Аляксандра Русаковіча, Аляксандра Сойкі, Канстанціна Мартынава і Сяргея Вярэніка шчыруе на палях з раніцы да змяркання. Першыя два вяскоўцы цёзкі-Аляксандры ўздымаюць зябліва на замацаваных МТЗ-1221, Сяргей – на МТЗ-3522, а Канстанцін – на Фэндце. Зразумела, у залежнасці ад магутнасці агрэгата і дзённая выпрацоўка на кожным розная. Але агульнымі намаганнямі хлебаробы ў залежнасці ад умоў надвор’я і спраўнасці тэхнікі штодня ўзорваюць ад 30 да 50 гектараў глебы.

Мяркуецца, па словах галоўнага агранома, апрацаваць такім чынам 2 360 га. Палова ад запланаванага ўжо выканана. Але вяскоўцы ўсведамляюць, што расслабляцца нельга, паспець трэба да таго часу пакуль установяцца адмоўныя тэмпературы паветра. І імкнуцца не збаўляць тэмпаў, разам рухаюцца да намечанага.


pravoby presgov raispolkom mininf ispolkom portal 1radio