Як вядома, клопатаў у вяскоўцаў увосень не менш, чым увесну
Адзін з іх – унясенне гліфасатаў. Па меркаванні вопытных тэхнолагаў палёў, дадзеная тэхналагічная аперацыя важная для павышэння культуры земляробства.
Гліфасаты – гэта аграхімікаты для барацьбы з пустазеллем. Яны адносяцца да групы гербіцыдаў суцэльнага дзеяння, значыць, знішчаюць не толькі шкодныя, але і культурныя расліны. Таму апрацоўку глебы імі і праводзяць восенню, калі ўжо сабраны ўраджай. А вынік ад прымянення прэпарата можна ўбачыць ужо ў першы тыдзень: пустазелле становіцца бляклым і жоўкне.
Такім чынам пасля ўнясення гліфасатаў засмечанасць палеткаў звычайна зніжаецца больш, чым на 85 працэнтаў, а эфект пры якаснай апрацоўцы захоўваецца не менш як два-тры гады. Акрамя таго, выкарыстанне такіх прэпаратаў дазваляе пасля ўборкі не займацца лусканнем іржышча, пры ўзворванні і падрыхтоўцы глебы эканоміцца да 30% паліва, зніжаюцца і іншыя выдаткі.
Таму на палях большасці гаспадарак нашага раёна да нядаўняга часу актыўна вяліся работы з гліфасатамі. Імі апрацавана амаль 11,5 тысячы гектараў, што больш як на 2 000 га перавышае леташні паказчык. Практычна 3 500 га запісалі на свой рахунак забалацкія хлебаробы, 2 000 га – рачэнскія, 1 640 га – асавецкія.
У прыватнасці, у ААТ «Асавец-агра» на апрацоўцы палеткаў гербіцыдамі вызначыўся Аляксандр Шчарбачэня. Мясцовы малады чалавек псля школы абраў працу на зямлі, і вось ужо трынаццаты год шчыруе ў сельскай гаспадарцы. Рупліва выконвае любую даручаную справу. І, па словах Аляксандра, атрымлівае задавальненне ад зробленага. Да слова, унясенне гліфасатаў трактарыст-машыніст ажыццяўляў з дапамогай апырсквальніка «Мікасан».