Зорка Івана Муравейкі заззяла на мірным небе Беларусі
75-ю гадавіну Перамогі савецкага народа ў Вялікай
Айчыннай вайне адзначылі ў мінулую суботу. У сувязі з няпростай эпідэмілагічнай
сітуацыяй маштабных мерапрыемстваў у рэгіёнах не праводзілася. Але, вядома ж, не
адзначыць гэту дату было немагчыма.
У гады вайны любанчане праявілі свае лепшыя якасці —
патрыятызм, самаадданасць, уменне не адступаць перад цяжкасцямі. Многія не
вярнуліся дамоў з палёў бою. Яны да апошняй хвіліны, да апошняга ўздыху
змагаліся за Бацькаўшчыну, за светлую будучыню для нашчадкаў, за тое, каб сёння
ў грамадстве панавалі мір і згода. У знак глыбокай удзячнасці кіраўніцтва Любанскага
раённага выканаўчага камітэта, райсавета дэпутатаў, аддзела ўнутраных спраў,
грамадскіх арганізацый усклалі вянкі і кветкі ў мемарыяльным скверы райцэнтра і
ўшанавалі памяць гераічных землякоў, якія прайшлі праз суровыя выпрабаванні
вялікай і страшнай вайны, мінутай маўчання.
А затым прадстаўнікі раённай вертыкалі ўлады накіраваліся
да Івана Муравейкі, жывога сведкі тых падзей, ураджэнца і жыхара Любаншчыны,
які прайшоў дарогамі Вялікай Айчыннай, з войскамі 1-га Беларускага фронту дакрочыў
да Берліна і на сцяне рэйхстага пакінуў свой аўтограф: “Іван з Беларусі”. Калі
ў 1947 годзе Іван Андрэевіч вярнуўся на радзіму, на яго грудзях ззялі ордэны
Айчыннай вайны I і II ступені, Чырвонай Зоркі, шматлікія медалі. Нылі раны на
целе і на душы, не давалі спакою ўспаміны. І ўсе тыя перажыванні ён перадаў у
сваіх творах. Тэме ліхалецця
прысвечаны яго зборнікі “Прынёс з вайны”, “Была вайна”, “Я – Іван з Беларусі”.
А ўвогуле на рахунку Івана Муравейкі іх звыш двух дзясяткаў, большасць – для
дзяцей.









