Знойдзены кельт ад рубяжа эр
– Сяргей Барысавіч, што канкрэтна з’яўляецца прадметам вашага даследавання на дадзеным этапе?
– Цяпер мы вывучаем абарончыя сістэмы – вал і роў. Да гэтай справы прыступілі ў мінулым годзе, у лістападзе. І займаліся пакуль дазваляла надвор’е. Сёлета работу прадоўжылі з сярэдзіны красавіка. За гэты час многае ўжо паспелі. З выкарыстаннем археалагічных метадаў, прарэзкі вала мы актыўна даследуем канструкцыю, асаблівасці рва, яго профіль, глядзім, якія захаваліся рэшткі драўляных канструкцый, іх структуру, як яны фарміраваліся, як адбывалася запаўненне вала і інш. Для нас галоўнае – атрымаць інфармацыю пра ўмацаванне дадзенага гарадзішча.
– Безумоўна, нашым чытачам будзе цікава даведацца, ці ўдалося знайсці якіясьці артэфакты?
– Так, нядаўна нам сапраўды пашанцавала адкапаць металічную ўтулкавую сякеру, якая мае назву кельт. А датуецца яна прыкладна рубяжом эр, як мы жартуем між сабой, равеснік Хрыста. Аднак трэба разумець спецыфіку даследавання. Калі яно праводзілася на ўнутранай частцы гарадзішча, дзе, уласна кажучы, некалі жылі людзі,то там знаходзілі і фрагменты керамічнага посуду, і прылад працы, і г.д.На абарончых збудаваннях (а гэта роў, насыпаны вал і тын (агароджа)) на шматлікія знаходкі, як правіла, спадзявацца не даводзіцца. Таму гэты артэфакт для нас вельмі каштоўны, дае шырокі набор інфармацыі. Знойдзены ён быў у верхнім пласце канструкцыі, які ўжо магчыма датаваць дзякуючы праведзенаму радыевугляроднаму аналізу.
– Як доўга Вы будзеце шчыраваць на гэтай пляцоўцы?
– Да таго часу пакуль цалкам усё гарадзішча не будзе вывучана. А пасля палявых даследаванняў, прыступім да камеральных – аналізу і апрацоўкі сабраных матэрыялаў.
– А артэфакты так і застануцца ў вас у Інстытуце гісторыі?
– Толькі да завяршэння камеральнай апрацоўкі. Пасля таго, як іх пачысцяць, зафіксуюць, хутчэй за ўсё перарадуць у Любанскі музей народнай славы.
– Як Вы лічыце, Сяргей Барысавіч, наколькі важна праводзіць вось такія археалагічныя раскопкі?
– Яны дазваляюць атрымаць грунтоўную інфармацыю пра мінулае. А гэта наш пачатак, без якога немагчымы ні сучаснасць, ні будучыня. Таму важна ведаць гісторыю, тую спадчыну, што засталася ад продкаў, каб, улічваючы іх вопыт, развівацца і рухацца наперад.
Хачу яшчэ дадаць, што ў Беларусі ўвогуле актыўна вядзецца будаўніцтва – пракладка газаправодаў, рамонт дарожнага пакрыцця і г.д. Прычым на некаторых з гэтых тэрыторый, як вось тут, у Любанскім раёне, маюцца помнікі гісторыка-культурнай спадчыны. Але, на жаль, не ўсе арганізацыі дакладна выконваюць заканадаўства ў гэтай сферы, не заўсёды кантралююць работы, якія вядуцца на гарадзішчах. У сваю чаргу “Слаўкалій” з’яўляецца вельмі адказным партнёрам у дадзеным накірунку.









