Жыровіцкая ікона будзе прынесена ў межы нашай епархіі

Общество
12 февраля 2020
123
Жыровіцкая ікона будзе прынесена ў межы нашай епархіі

Адбылося першае ў бягучым годзе пашыранае пасяджэнне Епархіяльнага савета Слуцка-Салігорскай епархіі пад старшынствам епіскапа Антонія. Прынялі ўдзел у ім і прадстаўнікі духавенства Любаншчыны – благачынны царкоўнай акругі, настаяцель храма Праабражэння Гасподня протаіерэй Аляксандр Драгун і яго памочнік, настаяцель храма Казанскай іконы Божай Маці ў г. Любані, прэс-сакратар епархіі іерэй Андрэй Еўшаль.

Як расказалі нашы свяшчэннаслужыцелі, размова была канструкцыйнай і грунтоўнай, абмеркаваны шэраг надзённых пытанняў. У прыватнасці, па будаўніцтве новага памяшкання Слуцкага епархіяльнага ўпраўлення ў комплексе храма прападобнага Паісія Святагорца,  святкаванні ў красавіку памяці святой праведнай Сафіі і г.д. Зацверджаны даты саборных богаслужэнняў у благачыннях падчас Вялікага посту.

Вялікая ўвага нададзена маючым адбыцца ўрачыстасцям з нагоды 550-годдзя з’яўлення Жыровіцкай іконы Божай Маці і 500-годдзя яе паўторнага цудоўнага здабыцця. Узгадалі, што паводле паданняў,  некалі на месцы  манастыра, дзе зараз яна захоўваецца, быў лес. Як і ўсё наваколле вёскі Жыровічы, належаў ён Аляксандру Солтану. Летнім днём 1470 г. мясцовыя праваслаўныя вернікі пасвілі там кароў. І заўважылі ў галінах лясной грушы-дзічкі дзіўнае святло. Гэта быў невялікі абраз Божай Маці са святым Сынам. Пастухі аднеслі яго Солтану, а той схаваў знаходку. Але, калі  на наступны дзень вырашыў паказаць гасцям, то не знайшоў у куфэрку. А праз некалькі дзён пастухі убачылі абраз у тым самым месцы. І зноў аддалі гаспадару. Пасля чаго Солтан паабяцаў узвесці ў гонар дзівоснай іконы царкву. Аднак у 1560 годзе здарылася вялікая бяда – храм згарэў. Меркавалі, што ў агні загінула і ікона. Але праз некаторы час сялянскія хлапчукі непадалёк ад пажарышча знайшлі той самы святы абраз, а перад ім гарэла свечка. З таго моманту ён шануецца не толькі як цудатворная ікона, а і як унікальная гісторыка-культурная каштоўнасць.

Архіерэй паведаміў, што ў перыяд з 22 лютага па 13 сакавіка яна па благаславенні мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі будзе прынесена ў межы Слуцка-Салігорскай епархіі.

pravoby presgov raispolkom mininf ispolkom portal 1radio