Заканчэнне сезона – не час расслабляцца
З такой жа мэтай да выратавальнікаў падчас аднаго з рэйдаў далучыўся і журналіст раёнкі. Па прапанове інспектара Любанскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Дар’і Чарныўовай накіраваліся ў Дубнікі Тальскага сельсавета. У мінулым нумары газеты мы часткова ўжо краналі тэму пакінутых дамоў і будынкаў у аварыйным стане. У тых жа Дубніках заўважылі некалькі такіх. І калі да прыватных домаўладанняў доступ больш менш абмежаваны, то ўнутр былога будынка школы можна патрапіць свабодна і не толькі праз праёмы для дзвярэй, а і для вакон. Да слова, жыхары населенага пункта такой магчымасцю карыстаюцца даволі часта. Былыя класы завалены смеццем, леташнім сухаўём, лісцем. Недалёка ад уваходу ў вочы кідаецца куча пяску, які амаль не бачны пад недакуркамі. Крыху далей – бутэлькі з-пад піва. На пытанне, хто можа хавацца каб яго выпіць і пасмаліць, прапануем адказаць вам самім.

Мы ж рухаемся далей. Па вул. Партызанскай натыкаемся на пакінутую хату. Вокны зачынены, а вось дзверы – не да канца. Каб высветліць, ці захажвае сюды хто, мы зайшлі да суседзяў, дзе Дар’я Міхайлаўна адразу ж звярнула ўвагу на парушэнні правіл пажарнай бяспекі – апавяшчальнік з непрацуючай “Кронай” і праводка, пафарбаваная маслянай фарбай. Па словах гаспадыні, яшчэ ўзімку прыбор быў спраўны, а наконт праводкі паабяццала дамовіцца з уладальніцай дома, які яе сям’я здымае ўнаём.
У наступнай хаце па вул. Камсамольскай таксама было не ўсё добра. Пры гэтым аб парушэннях яе гаспадыні 1939 года нараджэння, што пражывае разам з сынам-інвалідам другой групы, гаварылі ўжо неаднойчы. Пенсіянерку наведвалі і папярэджвалі пра неабходнасць адрамантаваць печ і замяніць запорны элемент на дзверцы не толькі пажарныя, а і прадстаўнікі мясцовага сельсавета, аднак шчыліны ў фасадзе і засаўка засталіся ў тым жа стане і выглядзе. За дапамогай у сацыяльную службу жанчына звяртацца таксама не спяшаецца. Такія абыякавыя адносіны да ўласнай бяспекі патрабуюць хаця і жорсткіх але дзейсных мер рэагавання. У адносінах да домаўласніцы складзены адміністрацыйны пратакол у адпаведнасці з ч. 1 арт. 23.56 КаАП РБ. Акрамя ўплаты мінімальнага штрафа ў 0,5 базавых велічынь, прадугледжанага артыкулам, пенсіянерка павінна ў месячны тэрмін выправіць знойдзеныя парушэнні. Да таго ж, ёй пранавалі набыць і ўстанавіць у жылых пакоях аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, якія пры правільным выкарыстанні могуць засцерагчы ад бяды.

Такія ж парады атрымалі і гаспадары іншых домаўладанняў, наведаных у рамках сумеснай рэйдавай праверкі.









