За вырашэннем надзённых пытанняў жыхары пасёлкаў Масты, Пажарышча, Вішанькі і Барок звяртаюцца да дэпутата Рачэнскага сельскага Савета Тамары Ласевіч
Яе – ветлівую, адказную, ініцыятыўную – добра ведаюць як у Мастах, так і ў суседніх пасёлках Вішанькі, Пажарышча і Барок. У гэтых населеных пунктах жанчына ўжо два дзесяцігоддзі працуе сацыяльным работнікам. На яе абслугоўванні – сямёра пажылых людзей, і з кожным Тамара Ласевіч мае добрыя стасункі.
Станоўчыя асабістыя якасці Тамары Ласевіч не засталіся па-за ўвагай кіраўніцтва Рачэнскага сельсавета: яго старшыня Святлана Швед прапанавала жанчыне паспрабаваць сябе ў якасці дэпутата мясцовага савета дэпутатаў. На выбарах грамадзяне падтрымалі кандыдатуру жанчыны, на наступных зноў…
Ужо каля дзесяці гадоў Тамара Іванаўна з’яўляецца дэпутатам. Вяскоўцы звяртаюцца да яе па разнастайных надзённых пытаннях: перастаў гарэць вулічны ліхтар, трэба спілаваць аварыйнае дрэва, неабходна прагрэйдзіраваць дарогу… Да кожнага звароту дэпутат ставіцца адказна, дапамагае вырашаць праблемы, звяртаючыся ў адпаведныя раённыя службы альбо непасрэдна да старшыні Рачэнскага сельвыканкама. Ды і ў цэлым жанчына сочыць за парадкам у сваёй акрузе (а гэта зноў-такі пасёлкі Масты, Вішанькі, Пажарышча і Барок), падключае да гэтага і мясцовых жыхароў. А некалькі гадоў таму разам з ініцыятыўнымі аднавяскоўцамі высадзіла ў Мастах сапраўдную алею. Гледзячы на гэта, многія таксама вырашылі азеляніць свой населены пункт і пасадзілі дрэвы.
Кожныя некалькі месяцаў жыхары Мастоў збіраюцца ў мясцовым доме сацыяльных паслуг, дзе праходзяць сустрэчы з раённым і мясцовым кіраўніцтвам, прадстаўнікамі розных арганізацый і службаў. Пасля таго, як пытанні зададзены, а паслугі аказаны, вяскоўцаў чакае канцэрт. асабліва любяць жыхары выступленні сямейнага калектыву Ціханоўскіх з Рачэнскага сельскага Дома культуры. Часам такія вясковыя пасядзелкі праходзяць неафіцыйна і нават больш па-дамашняму: людзі збіраюцца, каб пагаманіць, абмеркаваць штодзённыя клопаты, сюды ж з баянам завітвае мясцовы гарманіст…
І як дэпутат, і як сацыяльны работнік Тамара Ласевіч спраўляецца са сваімі справамі на выдатна; нездарма ў студзені да 100-годдзя сацыяльнай службы жанчына атрымала Падзяку і каштоўны падарунак ад раённага Савета дэпутатаў.
Ды і дома Тамара Іванаўна – дбайная працаўніца. Як жартуе сама жанчына, гаспадарку яна мае – нібы ў калгасе: кароўка (дарэчы, адзіная на некалькі бліжэйшых населеных пунктаў), свінні, трусы… Дапамагаюць ёй дзеці: хаця сын жыве ў Салігорску, а дачка ў сталіцы, не забываюць сваю маму, часта прыязджаюць. Вось і калі супрацоўнікі раёнкі заехалі да гераіні, з яе дома чуўся дзіцячы смех: пакуль жанчына ў водпуску, у яе гасцяць унукі.









