За мінулы год сапёраў выклікалі чатыры разы
У мінулым годзе ў Любанскі раён 4 разы выклікалася падзвіжная група размініравання
падраздзяленняў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь для абясшкоджвання снарадаў,
якія выпадкова знайшлі грамадзяне.
Пра гэта паведаміў начальнік абасобленай групы (Любанскага раёна) ваеннага
камісарыята Салігорскага і Любанскага раёнаў Мінскай вобласці Аляксандр Кійко. На
два снарады ў лесе натрапілі грыбнікі. У першым выпадку на так званым «палігоне»,
што размешчаны паміж аграгарадком Таль і гарпасёлкам Урэчча. У другім – паблізу
вёскі Вежанкі. Яшчэ адзін снарад знайшлі ў парку культуры і адпачынку горада
Любані. А чацвёрты аказаўся ў полі зроку жыхара вёскі Ямінск, калі той наводзіў
парадак на сваім прысядзібным участку.
Як пасля высветлілася, тры з чатырох снарадаў аказаліся вучэбнымі і не
ўяўлялі ніякай пагрозы жыццю і здароўю людзей. Чаго нельга сказаць пра
чацвёрты, знойдзены на палігоне. Гэта быў снарад часоў Вялікай Айчыннай вайны. Яго
вывезлі на пустку і падарвалі.
На боепрыпасы, якія захоўвае зямля, можа натрапіць кожны. Таму важна
ведаць, як правільна дзейнічаць у падобных сітуацыях. Спецыялісты звяртаюць
увагу: ні ў якім разе снарад нельга кранаць. Трэба адысці ад яго на бяспечную
адлегласць і паведаміць пра сваю знаходку ў міліцыю па кароткім нумары 102.
Пасля чаго чакаць прыбыцця спецыялістаў.









