Вызначаны пераможцы раённага конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне падворкаў
Па традыцыі напярэдадні ўдзельнікі конкурснай камісіі на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Андрэем Драбудзькам правялі грунтоўную працу па вызначэнні пераможцаў.
З кожным годам на Любаншчыне становіцца ўсё больш добраўпарадкаваных дамоў, якія радуюць вока. А таму і няпроста з усіх выбраць некалькі самых-самых у адпаведнасці з умовамі конкурсу.
Арыгінальнасць афармлення некаторых прысядзібных участкаў ацанілі ўвачавідкі, іншых – па прадстаўленых фотаздымках. Без сумнення, кожны падворак непаўторны, абуладкаваны клапатлівымі рукамі гаспадароў. Прычым стараюцца як маладыя, так і сталыя. Па ўсім відаць, што шчыруюць з вясны да восені, укладваюць душу ў свае сямейныя гняздзечкі, каб яны былі ўтульнымі, мелі прывабны выгляд. І гэта, вядома, адзначыла камісія пры падвядзенні вынікаў. Аднак, як у любым спаборніцтве, патрабавалася вылучыць лепшых.
Галоўным чынам увага надавалася дагледжанасці дамоў, дапаможных пабудоў, агародж, падтрыманню санітарнага парадку на прылягаючай тэрыторыі, наяўнасці малых архітэктурных форм, кветнікаў, газонаў, дэкаратыўных і пладовых дрэў, кустоў і г.д. Ну і, зразумела, улічваліся цікавыя, крэатыўныя ідэі, творчы падыход пры аздабленні ўчасткаў.
Хаця і няпроста давялося камісіі, але яна максімальна справядліва падышла да ацэнкі ўсіх домаўладанняў, па якіх падаваліся заяўкі для ўдзелу ў раённым конкурсе. І абрала пераможцамі сярод маладых гаспадароў (да 31 года): Наталлю і Паўла Сулім з аграгарадка Малыя Гарадзяцічы; звыш 31 года: Леаніда і Ніну Безбародзькаў, Васіля і Галіну Брадніцкіх з райцэнтра; Сяргея і Святлану Крук з в. Чабусы, Анатоля і Валянціну Скрыган з а/г Сосны 1. Яны атрымалі ад Андрэя Драбудзькі дыпломы і грашовыя заахвочванні.
Дадаткова ў намінацыі за лепшае азеляненне прысядзібнага ўчастка адзначана начальнікам райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандрам Малашуком Валянціна Мафееня з Сарачоў.
На здымку: узнагароду атрымлівае сям'я Наталлі і Паўла Сулім.









