Выхаванцы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці «Казка» паўдзельнічалі ў «Касмічнай вандроўцы»
Раскрыць магчымасці выхаванцаў,
стварыць умовы для ўмацавання іх здароўя, для самастойнага пазнання
навакольнага свету, для далучэння да свету цудоўнага лічаць сваімі галоўнымі
задачамі педагогі дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці «Казка».
І з гэтай мэтай імкнуцца разнастаіць
прабыванне дзяўчынак і хлопчыкаў ва ўстанове цікавымі, займальнымі
мерапрыемствамі. Прыцягваюць да ўдзелу і бацькоў. Вось і да нядаўняга Дня
касманаўтыкі рабяты разам з татамі і
мамамі падрыхтавалі тэматычныя падзелкі і малюнкі. З якіх пасля была аформлена
творчая выстава ў фае.
Таксама выхаванцы старшых груп
сталі ўдзельнікамі спартыўнага свята «Касмічная вандроўка». Кіраўнік фізічнага
выхавання Аксана Макейчык прапанавала ім розныя рухомыя гульні, эстафеты, забавы.
Падчас выканання конкурсных заданняў дзяўчынкі і хлопчыкі прадэманстравалі
хуткасць, спрыт, узаемавыручку, кемлівасць і, канешне, атрымалі
шмат станоўчых эмоцый, зарад бадзёрасці.









