Выпускнікі атрымалі Божае благаславенне

Общество
30 мая 2019
269
Выпускнікі атрымалі Божае благаславенне
 
Па традыцыі выпускнікі ўстаноў адукацыі горада Любані і аграгарадка Сарачы пасля ўрачыстай школьнай лінейкі сабраліся ў храме Праабражэння Гасподняга райцэнтра, дзе для іх, а таксама класных кіраўнікоў, бацькоў быў адслужаны малебен. Узначаліў яго епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній.



 Але, перш чым узнесці малітву, уладыка звярнуўся да юнакоў і дзяўчат, якія стаяць на парозе дарослага жыцця. Ён зазначыў, што свята апошняга званка бывае толькі аднойчы, а таму яно важнае і вельмі хвалюючае. І варта назаўсёды запомніць гэты асаблівы дзень, а таксама ніколі не забываць тых людзей, якія выхоўвалі і вучылі, клапаціліся і дарылі свае цяпло і любоў. Епіскап пажадаў выпускнікам шчасця ва ўсім, поспехаў, удачы, спаўнення спадзяванняў. Але папярэдзіў, што дасягненне мар магчыма толькі пры вялікім старанні. Таму патрэбна плённа працаваць і прасіць дапамогі Усявышняга.


  Падчас малебена ўзносіліся малітвы за выпускнікоў, аб умацаванні іх у далейшым жыцці – у вучобе,  прафесійнай дзейнасці, стварэнні сям’і.Затым уладыка Антоній благаславіў рабят на паспяховую здачу экзаменаў за курс сярэдняй школы, цэнтралізаванага тэсціравання і паступленне. А напрыканцы, пасля цалавання крыжа, яны атрымалі абразкі і салодкія пачастункі ад Слуцка-Салігорскай епархіі і Любанскага царкоўнага благачыння.

 


pravoby presgov raispolkom mininf ispolkom portal 1radio