Вынікі конкурса “Наш Любанскі край дарагі…”
Шмат талентаў адкрыў для наш апошні творчы конкурс “Наш Любанскі край дарагі…”, які праводзіўся ДУ “Рэдакцыя газеты “Голас Любаншчыны” і праграмы радыёперадачы “На хвалях Арэсы” з мая па снежань мінулага года.
Конкурсныя работы прымаліся ў двух намінацыях: “Край мой родны, край прыгожы”, дзе ўдзельнікі дасылалі свае празаічныя і паэтычныя творы, і “Палітра радзімы маёй”, дзе да разгляду прымаліся малюнкі і фотаздымкі. Аўтары найлепшых работ павінны былі вызначацца ў кожнай намінацыі ў трох узроставых катэгорыях: ад 6-ці да 10-ці, ад 11-ці да 17-ці і ад 18-ці гадоў.
Усяго ў конкурсе прынялі ўдзел 24 жыхара нашага раёна – некаторыя адразу ў некалькіх намінацыях, а “журылі” канкурсантаў супрацоўнікі нашай газеты – большасць з журналісцкай ці філалагічнай адукацыяй.
На жаль, мы не атрымалі ніводнага празаічнага ці паэтычнага твора ад рабят ва ўзросце да 10-ці гадоў, і толькі вучаніца 2 класа Гімназіі №1 г. Любані Аглая Мігун даслала на конкурс некалькі сваіх фотаздымкаў. У выніку ў абедзьвюх намінацыях у малодшай узроставай катэгорыі пераможцаў было вырашана не вызначаць у сувязі з адсутнасцю неабходнай колькасці конкурсных матэрыялаў, а дзяўчынка атрымала дыплом і заахвочвальную грашовую прэмію за актыўны ўдзел у конкурсе.
Хаця мы атрымалі шмат розных яскравых фотаздымкаў з прыгожымі мясцінамі нашага раёна, вызначыць пераможцаў у намінацыі “Палітра радзімы маёй” было не надта складана. У сярэдняй узроставай катэгорыі ім стаў навучэнец 2 курса Любанскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя Аляксей Іваноў – юнак даслаў на конкурс усяго адзін фотаздымак “Закат в поле” (апублікаваны ў “ГЛ”№66 ад 26 кастрычніка), і большасцю галасоў членаў журы гэта фота вызначана найлепшым. У старэйшай узроставай катэгорыі перамогу атрымала жыхарка вёскі Касцюкі Людміла Рашчэня. Як пазней прызналася нам Людміла Адамаўна, фота – гэта адно з любімых яе захапленняў. Відаць, што жанчына нядрэнна адтачыла сваё ўменне: кожны яе фотаздымак, дасланы на конкурс, адрозніваўся і арыгінальнасцю, і высокім мастацкім узроўнем, аднак найлепшым мы ўсё ж такі назвалі “Люстэрка Арэсы” (апублікаваны ў “ГЛ”№39 ад 26 мая).
Нашмат цяжэй для членаў журы стала вызначэнне аўтараў празаічных і паэтычных твораў. Так, у сярэдняй узроставай катэгорыі мы атрымалі шмат вершаў, прысвечаных роднай зямлі. Аднак здаецца, што маладым паэтам яшчэ крышачку не стае майстэрства: ніводзін паэтычны твор не быў адзначаны членамі журы. А пераможцам у намінацыі “Край мой родны, край прыгожы” сярод удзельнікаў ва ўзросце ад 11-ці да 17-ці гадоў стала вучаніца 11 класа сярэдняй школы №1 г. Любані Алена Драбудзька: яе пранікнёны нарыс “Вёсачка мая… чараўніца” (апублікаваны ў “ГЛ” №49 ад 30 чэрвеня), прысвечаны в. Прыклінец, надзвычай спадабаўся супрацоўнікам раёнкі.

У старэйшай узроставай катэгорыі вызначаць пераможцаў было яшчэ больш складана. Шмат выдатных аўтараў – і іх добрых твораў, ёмістых словаў і прыгожых эпітэтаў… Як выбіраць лепшае з найлепшых? Таму крытэрыі ацэнкі тут былі самыя жорсткія: творы павінны былі цалкам раскрываць тэму любові да малой радзімы, не мець штампаў, выклікаць пэўныя эмоцыі і быць літаральна дасканалымі як у мастацкім, так і ў стылістычным плане. У выніку перамогу падзялілі паміж сабой любанчанін Мікалай Бухал з вершам “Востаў Зыслаў”, прысвечаным партызанскаму жыццю (апублікаваны ў “ГЛ” №49 ад 30 чэрвеня), і жыхарка вёскі Нежын Святлана Шаўцова з вершам “Почему грустишь, моя деревня”, дзе аўтар разважае пра лёс роднай вёскі (апублікаваны ў “ГЛ” №61 ад 21 верасня). Усе названыя аўтары атрымалі дыпломы, грашовыя падарункі і сувеніры ад рэдакцыі газеты “Голас Любаншчыны”. Таксама дыпломамі і грашовымі прэміямі мы вырашылі адзначыць жыхарку аграгарадка Сарачы Зінаіду Майсееню – аўтара цыкла вершаў пра даны населены пункт, а таксама любанчаніна Анатоля Вялічку, які прадставіў на конкурс шмат твораў, прысвечаных розным куткам Любаншчыны.
Такім чынам, чарговы творчы конкурс раёнкі завяршыўся, усе яго дыпламанты ўжо атрымалі прызы, і мы спадзяёмся на далейшае супрацоўніцтва з кожным аўтарам. На чарзе – наступныя нашы праекты; сачыце за навінамі і абавязкова прымайце ўдзел!









