Вось такі клопат пра чалавека працы
Як вядома, сельская гаспадарка – адна з самых важных галін эканомікі. Працу людзей у ёй лёгкай не назавеш, таму ўмовы, створаныя для працаўнікоў, павінны адпавядаць патрабаванням часу. Дбайныя кіраўнікі, сапраўдныя гаспадары арганізацый, зацікаўлены ў тым, каб чалавеку было дзе пераапрануцца з хатняга ў рабочае адзенне, памыцца пасля працы, папіць чаю ці кавы, азнаёміцца з вытворчымі паказчыкамі, навінамі і інш.
На мінулым тыдні рэйдавая група на чале са старшынёй Любанскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Віктарам Статкевічам, у склад якой увайшлі і журналісты аддзела сельскай гаспадаркі рэдакцыі газеты «Голас Любаншчыны», правяла маніторынг наяўнасці неабходных умоў для работнікаў на фермах і комплексах.


Без увагі не застаўся ніводзін аб’ект адпачынку, а іх, як аказалася, нямала, недзе каля паўсотні. Шчыра кажучы, давялося пабачыць рознае: парадак і наадварот, створаны камфорт і адсутнасць элементарных даброт. Пра апошняе, дарэчы, можна доўга весці размову, калі больш-менш дэталёва разглядаць пакоі жывёлаводаў МТФ «Жалы» і «Барыкоў» КСУП «Эксперыментальная база «Любанская», МТФ «Дварэц», «Бярэзінск» і «Падгалле» сельгасфіліяла «Гарадзяцічы» адкрытага акцыянернага таварыства «Любанскі райаграсэрвіс», дзе ад мінулых гадоў будаўніцтва камунізму яшчэ часткова засталася мэбля – сталы, шафы, тумбачкі, вешалкі для адзення, інфармацыйныя стэнды і інш.


Сёння пакой адпачынку на комплексе па дарошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы «Атраднае» ААТ «Рачэнь», які ўсяго некалькі гадоў таму назад прывабліваў сваёй дагле-джанасцю, таксама абдзелены ўвагай. Праўда, таго не скажаш пра адпаведнае памяшканне на малочнатаварным комплексе «Рачэнь», дзе падтрымліваецца парадак, своечасова абнаўляецца інфармацыя на стэндах.

З клопатам да сваіх работнікаў ставяцца ў ААТ «Юрковічы», на МТК «Запалле», дзе па-сучаснаму абуладкаваны пакой бытавой электратэхнікай, мэбляй, посудам, заўсёды чыста, утульна – і так не першы год. Працаўнікі МТК з задавальненнем збіраюцца ў пакоі, каб не толькі зрабіць перапынак у рабоце, але і абмеркаваць надзённае.
Рэйдавая група адзначыла, што нядрэнна абуладкаваны памяшканні для жывёлаводаў на МТФ «Нежын», «Падмошша», «Фарашчова» адкрытага акцыянернага таварыства «БВА». На фермах аграгарадка Асавец ААТ «Асавец-агра» і вёскі Загалле сельгасупраўлення «Загальскі» ААТ «МАПІД» належныя ўмовы для людзей створаны і на падворках. Гэта не ноу-хау, а нармальная арганізацыя вытворчага працэсу ў цэлым.
Словам, відавочна тое, што да чалавека працы ў сельгасарганізацыях раёна ставяцца па-рознаму. У плане стварэння камфорту на рабоце можна палепшыць многае не толькі кіраўнікам і спецыялістам гаспадарак, але і самім работнікам ферм і комплексаў.









