Ведаюць цану лёну не па чутках
Прадпрыемства (на той час пеньказавод) было ўведзена ў эксплуатацыю ў сакавіку 1958 года. На яго будаўніцтва спатрэбілася тры гады. Першым дырэктарам прызначаны Л.Х. Дзіменштэйн, пры якім адбылося станаўленне завода, фарміраванне працоўнага калектыву.
Сёння прадпрыемства ўзначальвае Мікалай Яфімчык. Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК мы папрасілі яго расказаць пра вынікі дзейнасці льнаводаў нашага раёна ў бягучым годзе.
– У гэтым сезоне складаныя ўмовы надвор’я (саракадзённая засуха) не спрыялі добраму ўраджаю даўгунцу. Тым не менш калектыў працаваў на поўную моц. Сёлета мы на 850 га павялічылі свае пасяўныя плошчы, што дазволіла атрымаць больш ільнотрасты (на 1000 тон) і льнасемя (на 120 т), чым летась. Палеткі, адведзеныя пад даўгунец, размяшчаліся на тэрыторыі не толькі нашага раёна (1 510 га), а і суседніх з ім – Салігорскага (550 га) і Старадарожскага (140 га).
У выніку мы атрымалі 5 600 тон ільнотрасты (107% да плана) сярэднім нумарам 0,58. У тым ліку 3 643 т – нумарам 0,5; 684 т – 0,75; 594 т – 1. Акрамя таго, намалацілі 547 тон ільнасемя.
Перапрацаваную на прадпрыемстве льнотрасту (валакно) пастаўляюць на Аршанскі льнокамбінат і на Барысаўскую экспартна-сартавальную льнабазу.
Працоўны калектыў завода налічвае прыкладна 115 чалавек, з іх 75 задзейнічаны на вытворчасці. 27 гадоў аддала льнаводчай справе сартавальніца доўгага валакна Галіна Міхневіч. На прадпрыемства яна ўладкавалася ў далёкім 1991 годзе. І нягледзячы на складаны характар работы (а ў вытворчым цэху могуць працаваць толькі фізічна вытрыманыя людзі), застаецца адданай сваёй прафесіі.
Шчыруюць на заводзе і два дзясяткі трактарыстаў. Сярод іх асаблівай павагай карыстаецца Аляксандр Цыцэня. Мужчына шмат гадоў эксплуатуе МТЗ-82, на якім у сельскагаспадарчы сезон выконвае розныя віды палявых работ. Цяпер жа механізатар займаецца пастаноўкай тэхнікі на захоўванне.










