Валерый Мельнік: «Калі ёсць станоўчы вынік, разумееш – усё не дарма»

Общество
19 июня 2020
150
Валерый Мельнік: «Калі ёсць станоўчы вынік, разумееш – усё не дарма»

Практычна год таму наш раён узначаліў Валерый Мельнік. Самы час азірнуцца і падвесці некаторыя вынікі. З гэтай мэтай карэспандэнт раёнкі і сустрэлася са старшынёй райвыканкама.

–Валерый Віктаравіч, наколькі блізкай для Вас стала наша Любаншчына за гэты перыяд?

–Улічваючы, што раней я працаваў у суседнім Салігорскім рэгіёне, то, у прыватнасці, некаторых кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў ведаў. А з астатнімі пазнаёміўся даволі хутка. Вывучыў усе сферы жыццядзейнасці раёна. Магу сказаць, што жывуць і рупяцца на гэтай зямлі добрыя людзі, спагадлівыя, старанныя, адказныя. І разам з імі хочацца шчыраваць, ствараць, ісці наперад.

–Якім быў прайшоўшы год для Вас у якасці кіраўніка?

 Гэты час праляцеў як адзін дзень. Спраў было шмат. Улічваючы, што раён сельскагападарчы, то, вядома ж, не могуць не радаваць станоўчыя зрухі ў дадзенай галіне. Уведзены ў эксплуатацыю комплекс у Дарасіно ААТ «Урэцкі» для дойнага статка, у Закальным ААТ «Рачэнь» для адкорму. Амаль ўсе гаспадаркі актыўна ўключыліся ў рэканструкцыю аб’ектаў. У нас яшчэ шмат ручной працы, таму пастаўлена задача адыходзіць яе, каб была максімальна забяспечана механізацыя вытворчага працэсу на фермах.

–Скажыце, калі ласка, якія прадпрыемствы задаюць асноўны тэмп у развіцці раёна?

–У ліку лідараў у гэтым накірунку, канешне, ЗТАА «Слаўкалій», з ім звязваюцца многія спадзяванні і на будучыню па прыцягненні інвестараў, па развіццю інфраструктуры і г.д. Таксама варта адзначыць някепскія вынікі ТАА «Александроў», якое актыўна супрацоўнічае з гаспадаркамі раёна, пры неабходнасці працягвае руку дапамогі, аказвае падтрымку ў выплаце заработнай платы, закупцы паліва і г.д. Інстытут рэсурсазберажэння, што будуе ў нас завод, дэманструе высокія тэмпы. На добрым рахунку  хлебзавод, Любанскі філіял ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат», ПМК-201. А райспажыўтаварыства адно з лепшых не толькі ў вобласці, а і ў рэспубліцы. Зараз, да слова, да яго далучаюць Старадарожскае райспажыўтаварыства і 12 гандлёвых аб’ектаў Салігорскага. Сярод арганізацый аграпрамысловага комплексу лепшых паказчыкаў дасягаюць СУ «Загальскі», адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Забалацкі», «Асаве-агра», а іх кіраўнікоў Аляксандра Буяна, Міхаіла Вечара, Уладзіміра Клімовіча можна смела назваць сапраўднымі гаспадарамі любанскай зямлі.

–Нават самы патрабавальны позірк адзначыць, наколькі за апошнія гады пахарашэлі Любань і іншыя населеныя пункты раёна. Я так разумею і надалей работы ў гэтым накірунку будуць працягвацца?

–Абавязкова. У самай бліжэйшай перспектыве мяркуецца падрамантаваць агароджы на вуліцах, дзе трэба, замяніць, асабліва на цэнтральных, пафарбаваць іх. Будзе прадоўжана абсталяванне дзіцячых пляцовак, добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый. У новым мікрараёне каля бальніцы пры падтрымцы «Слаўкалія» плануецца абуладкаваць тэнісны корт. Карацей кажучы, намечана шмат.

–А ўвогуле якія планы па развіцці нашага рэгіёну?

–Што датычыць сельскай гаспадаркі, то, напрыклад, у раслінаводстве мяркуем змяніць структуру пасяўных плошчаў. Стаўку зрабіць на тыя культуры, якія ў існуючых умовах змогуць даваць больш важкі ўраджай. Нямала спраў у жывёлагадоўлі.  Ёсць намер сцэнтраваць фермы. Іх вельмі шмат у гаспадарках, многія працуюць не эфектыўна, а неабходна прывесці ўсё ў сістэму. Правільны варыянт, лічу, стварыць комплексы на цэнтральных сядзібах сельгаспрадпрыемстваў, што будзе зручна для арганізацыі вытворчага працэсу і менш затратна, а значыць, вынік будзе больш адчувальным. Ужо ёсць, напрыклад, праект, на такі аб’ект на 2 000 галоў у ААТ «Забалацкі».

Працягнецца жыллёвае будаўніцтва. Сёлета намечана ўвесці ў эксплуатацыю яго 16 000 м кв. Распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя ўжо і на наступны год. Разглядаецца магчымасць ушчыльнення горада шляхам зносу асобных прыватных дамоў і ўзвядзення шматкватэрных, вядома, з забеспячэннем уладальнікаў першых жыллём.

Пашырыцца сетка магазінаў. У хуткім часе для пакупнікоў расчыніць дзверы на завулку Купалаўскім аб’ект ТАА «Гандлёвы дом «Радуга-свет». Фірменны магазін кампаніі «Санта Брэмар» з’явіцца каля новай аўтазаправачнай станцыі. Трэба сказаць, Любань стаў прывабным для прыватнікаў.

–Валерый Віктаравіч, кіраваць раёнам, прадстаўляць давераную тэрыторыю на абласным узроўні – справа сур’ёзная, няпростая. Што, падзяліцеся, дапамагае, натхняе?

–Станоўчы вынік. Калі ён ёсць, то разумееш, што ўсё не дарма. А ўвогуле важна не здавацца, не пасаваць перад цяжкасцямі і няхай не хутка, а маленькімі крокамі, але тым не менш ісці да пастаўленай мэты.

pravoby presgov raispolkom mininf ispolkom portal 1radio