Урачысты мітынг да асаблівай даты
Але і для наступных пакаленняў 9 Мая – асаблівая дата і адно з самых галоўных і любімых святаў, кожны год адзначаючы якое, мы паказваем, што памятаем і не забудзем, якой цаной далася Вялікая Перамога.

А палове дзясятай раніцы ля помніка Аляксею Брагіну ў раённым цэнтры пачалі збірацца жыхары горада і раёна, працаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, навучэнцы, да якіх у хуткім часе далучыліся прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскіх аб’яднанняў, каб арганізаванай калонай прайсціся ў святочным шэсці ў гонар Дня Перамогі да мемарыяла загінуўшым савецкім актывістам, воінам, партызанам і падпольшчыкам, што па в. Першамайскай. Завяршыўся мірны парад урачыстым мітынгам.


Мноства цёплых і душэўных слоў і пажаданняў прагучала падчас мерапрыемства ў адрас ветэранаў вайны і сведкаў далёкіх крывавых падзей, а таксама тых, хто заплаціў за шчаслівую будучыню сваіх нашчадкаў самую высокую цану – жыццё. Подзвіг іх не забыты, як і імёны сапраўдных герояў. Цяпер іх годна прадстаўляюць унукі і праўнукі: ужо не першы год акцыя «Беларусь памятае» збірае сотні жыхароў нашай краіны, якія з гордасцю расказваюць пра сваіх дзядоў і прадзедаў, што абаранялі свой край.


Галоўнымі ж героямі свята з’яўляюцца ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. На жаль, з кожным годам іх застаецца ўсё менш, ды і здароўе ўсё часцей падводзіць. Але радуе, што першы глядацкі рад усё ж не пустуе. Да яго ў першую чаргу і звярнуўся з віншавальнай прамовай старшыня Любанскага раённага Савета дэпутатаў Андрэй Драбудзька. Далучылася да яго і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Юлія Мурына, якая шчыра падзякавала ветэранам за іх самаадданасць і любоў да Радзімы, што дазволілі пераадолець самыя суровыя выпрабаванні.

Светлую памяць пра загінуўшых удзельнікі мітынга ўшанавалі мінутай маўчання, у іх жа гонар адгрымеў і ружэйны салют у выкананні салдат тэрміновай службы. Па завяршэнні мерапрыемства прысутныя традыцыйна ўсклалі вянкі і кветкі да помніка і магіл савецкіх воінаў-вызваліцеляў.









