Урач агульнай практыкі Любанскай ЦРБ: бестурботных адносін да каронавіруса і ўласнага здароўя быць не павінна

Общество
1 декабря 2020
126
Урач агульнай практыкі Любанскай ЦРБ: бестурботных адносін да каронавіруса і ўласнага здароўя быць не павінна
 
Эпідэміялагічная сітуацыя ў краіне застаецца няпростай. Цяжка прыходзіцца медыкам. Яны, што называецца, у эпіцэнтры – штодзень змагаюцца з каронавіруснай інфекцыяй. «Мы разумеем сваю задачу і прыкладваем максімум намаганняў, каб паставіць на ногі хворых», – зазначыла ўрач агульнай практыкі Любанскай ЦРБ Анастасія КАЛОДЗЬКА.

Анастасія Мікалаеўна хаця і малады доктар, але ўжо паспела заслужыць давер сярод калег і пацыентаў. На справе прадэманстравала, чаго варта, і сумненняў у яе прафесіяналізме не засталося. Хворыя глядзяць на ўрача з надзеяй і верай на хуткае выздараўленне.

Кім будзе, дзяўчына вырашыла яшчэ ў школе, і шмат у чым дзякуючы матулі. Яна часцяком заводзіла гаворку з дачкой пра выбар прафесіі і кожны раз акцэнтавала ўвагу на тым, што праца ўрача адна з самых паважаных у грамадстве і запатрабаваных. І ў рэшце рэшт Анастасія згадзілася: няма нічога больш важнага, чым дапамагаць людзям змагацца з хваробамі і зберагаць здароўе, галоўную каштоўнасць. Пасля заканчэння Дарасінскай СШ у 2008 годзе паступіла ў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт на факультэт «Лячэбная справа». А калі атрымала дыплом, вярнулася на Любаншчыну ўрачом агульнай практыкі. Яе размерквалі у цэнтральную раённую бальніцу. Тут, дарэчы, да гэтага праходзіла і інтэрнатуру.

Пасля абавязковай двухгадовай адпрацоўкі прайшло чатыры гады. І, як прызналася Анастасія Калодзька, пакуль ні разу не пашкадавала, што абрала для сябе такі шлях і рэалізуе свае прафесійныя здольнасці менавіта на малой радзіме. На першым часе, калі набіралася практычнага вопыту, падтрымлівалі старэйшыя калегі. Цяпер ужо Анастасія Мікалаеўна сама дапамагае маладым спецыялістам. І лічыць, што ў яе справе неабходна пастаянна вучыцца: з’яўляюцца новыя навуковыя даследаванні ў галіне медыцыны, алгарытмы лячэння цяжкіх захворванняў, лякарствы і інш – пра ўсё гэта трэба ведаць. Інакш не будзе прафесійнага развіцця. Такі падыход дапамагае доктару павышаць майстэрства і быць гатовай дапамагчы пацыенту ў любых умовах.

Калі толькі пачала распаўсюджвацца каронавірусная інфекцыя, па словах урача агульнай практыкі, палохала, так бы мовіць, невядомасць. Таму што хвароба дасканала не вывучана. Але асабліва паддавацца негатыўным настроям не было часу: хворыя амаль што кругласутачна патрабавалі ўвагі і клопату. І яна выкладвалася на ўсе сто працэнтаў. Было, канешне, цяжка і маральна, і фізічна. Ды і цяпер, падчас другой хвалі захворвання, не лягчэй. Хаця ўжо выпрацаваны алгарытмы лячэння і ўласнай абароны, тым не менш без цяжкасцей не абыходзіцца. Штодзень у паліклініку звяртаецца ў сярэднім каля 100 чалавек з сімптомамі віруснай інфекцыі. Вядома, далёка не ва ўсіх іх дыягнастуецца COVID-19. Але выпадкі ёсць, і іх больш, чым увесну. І працякае каронавірусная інфекцыя па-рознаму ў залежнасці ад таго, як у каго працуе імунная сістэма. У большасці людзей – у лёгкай форме. Аднак калі маецца букет розных хранічных захворванняў, то магчымы разнастайныя ўскладненні.

Але самае галоўнае, як зазначыла Анастасія Калодзька, не панікаваць.

– Неабходна захоўваць усе меры абароны і бяспекі, – раіць урач. – Абавязкова прытрымлівацца сацыяльнага дыстанцыравання. Быць узаемаветлівымі – насіць індывідуальныя маскі, карыстацца антысептыкамі. Канешне, умацоўваць імунітэт. А пры першых прыкметах захворвання – звяртацца да медыкаў і не займацца самалячэннем. Бестурботных адносін да каронавіруса і ўласнага здароўя быць не павінна.

 


pravoby presgov raispolkom mininf ispolkom portal 1radio