У агні і холадзе: як партызанская маці Алена Шыкунова засланіла сабой два пакаленні

Общество
8 мая 2026
107

Вайна і жанчына... Здаецца, гэтыя паняцці несумяшчальныя. Але менавіта мацярынская любоў, сіла духу і прага да жыцця сталі тым нябачным шчытом, які дапамог адразу некалькім пакаленням беларусаў перажыць самыя крывавыя старонкі ў гісторыі нашай краіны. І сёння, напярэдадні Дня Перамогі, мы хочам расказаць пра Алену Шыкунову, якая змагла не проста выжыць падчас ліхалецця, але і зберагчы самае дарагое – сваіх дзяцей – і ўнесці свой уклад у агульную справу – барацьбу з ворагам і вызваленне роднага краю.

На Любаншчыну Алена Піліпаўна прыехала на пачатку 30-х гадоў дваццатага стагоддзя разам з першым мужам Адамам Адзярыхам. Ён быў у ліку камунараў, якіх накіравалі на асушэнне балотаў. Іх подзвіг у мірныя часы знайшоў адбітак у творчасці беларускага класіка. Тут, сярод амаль некранутага лесу, у маладой сям’і адна за другой нарадзіліся дзве дачушкі: Лідачка і Ірачка. Здавалася, што, нягледзячы на ўсе цяжкасці, наперадзе іх чакае светлае будучае. Ды лёс склаўся інакш. Прыйшла вайна. Адама прызвалі на фронт у першыя ж дні. Ён пайшоў абараняць Радзіму і больш не вярнуўся. Алена засталася ўдавой з дзвюма маленькімі дачкамі на руках. 

photo_2026-05-08_13-04-35.jpg

Потым было фашысцкае полымя, якое злізала родную Камуну дашчэнту. І лес – суровы, халодны, але адзіны, хто іх прытуліў. Дарога ў пагарэльцаў была адна – да партызан. 

Калі Алена з дзецьмі прыйшла ў партызанскі атрад імя Кастуся Каліноўскага, камандзір доўга глядзеў на іх: зусім яшчэ малых, з вачыма, у якіх застыў жах перажытага. «Вайна не для жанчын з дзецьмі», – хацелася сказаць яму, але ён моўчкі паказаў на зямлянку. 

Алена ўвайшла ў гаспадарчы ўзвод. Яна гатавала з таго малога, што было, мыла бінты, латала вопратку байцоў. Стала «ахоўніцай» не толькі для сваіх дзяцей, але і для ўсяго атрада. А яе дачкі – Лідачка і Ірачка – сталі маленькімі партызанкамі. 

Хадзілі ў вёскі па хлеб, які пяклі для байцоў мясцовыя жыхары. Па планках, намаляваных у школьных сшытках, запаміналі, дзе нямецкія пасты, дзе агнявыя кропкі. Іх маленькія постаці, захутаныя ў старыя хусткі, не выклікалі падазрэнняў у патрулёў. А вочы бачылі ўсё. 

У тую зіму, калі лядоўня скавала балоты, атрад трапіў у блакаду. Алена з дзецьмі пайшла праз гурбы, саграваючы адзін аднаго дыханнем, каб перадаць суседзям выратавальныя звесткі. 

А потым у жыцці Алены з’явіўся Сямён Шыкуноў – партызан з таго ж атрада. Не проста воін, а чалавек з вялікім сэрцам. Ён убачыў яе стомленасць, яе ціхі боль па загінуўшым мужу. І не прайшоў міма. У самы цяжкі час ваеннага ліхалецця ён падставіў удаве плячо. Стаў апорай не толькі для Алены, але і для Лідачкі з Ірачкай. Яны палюбілі яго як роднага бацьку. 

Пасля вайны Алена і Сямён пажаніліся. Ён даў дзяўчынкам сваё прозвішча. І гэта была не проста папера. Гэта было абяцанне абараняць, клапаціцца і любіць усё жыццё. 

Прыйшла Перамога. Алена вярнулася на спаленую зямлю. У вачах застаўся сум пра Камуну, якой ужо няма. Але на руках яна трымала будучыню – сваіх дачок. 

І гэтыя дзяўчынкі, якія ў дзяцінстве хаваліся па зямлянках і насілі праз лес хлеб для партызан, выраслі ў людзей, якімі ганарыцца ўся краіна. Лідзія Сямёнаўна Савік (Шыкунова) стала вядомым літаратуразнаўцам, крытыкам, кандыдата філалагічных навук. Ірына Сямёнаўна Шыкунова – беларускай опернай спявачкай, педагогам, народнай артысткай Беларусі, лаўрэатам шматлікіх узнагарод. 

Вайна забрала ў Алены першага мужа. Але дала другога, чалавека, які добраахвотна стаў бацькам яе дзяцей. Яна страціла дом у полымі. Але знайшла дом у сэрцах партызан. Яна не страляла, не рабіла дыверсій. Яна рабіла тое, што загадвала сэрца маці: абараняла, гадавала, гаіла раны і верыла. 

Жанчына і вайна... Сапраўды, гэтыя паняцці несумяшчальныя. Але менавіта такія дачкі нашай зямлі, як Алена Шыкунова, і перамаглі тую вайну. Вечная памяць загінуўшым. Нізкі паклон жывым. І асобны паклон – маці, якія нават у агні застаюцца апошняй надзеяй. 


pravoby presgov raispolkom mininf ispolkom portal 1radio