У Стараюрковіцкім вучэбна-педагагічным комплексе дзіцячы сад-сярэдняя школа аздараўліваюцца 25 вучняў пачатковых класаў
Педагогі-выхавальнікі распавялі пра тое, чым штодня займаюцца рабяты. А распланавана ўсё так, каб яны ні хвіліны не сумавалі. Кожны дзень тэматычны: абароны дзяцей, юных спартсменаў, рухомых гульняў, экалогіі, сяброў і г.д. У залежнасці ад назвы ладзяцца і мерапрыемствы: разнастайныя конкурсы, спаборніцтвы і інш. Асабліва ж наведвальнікам лагера да спадобы экскурсіі, падчас якіх яны знаёмяцца з новымі мясцінамі і людзьмі. Наперабой хлопчыкі і дзяўчынкі расказвалі, як цікава было ў парку культуры і адпачынку г. Любані 1 чэрвеня, наколькі запомніліся ім наведванне раённай бібліятэкі, выставы ў музеі народнай славы, пешаходная вандроўка ў суседнюю в. Сялец. З нецярпеннем дзеці чакаюць наступных падарожжаў.
З вялікай ахвотай таксама рабяты разам з выхавальнікамі гуляюць па ваколіцах роднай вёскі Старыя Юрковічы, ходзяць у мясцовы Дом культуры, дзе маюцца батуты, а хто ж з дзяцей не любіць паскакаць на іх.
Акрамя розных забаў, наведвальнікі лагера яшчэ малююць, майструюць, танцуюць. З мэтай аздараўлення абавязковымі для іх з’яўляюцца ранішняя зарадка, прагулкі на свежым паветры, дзённы сон, трохразовае харчаванне; прадугледжана і вітамінізацыя “Рэвітам”. Такім чынам канікулы стараюрковіцкія вучні пачатковых класаў праводзяць займальна і з карысцю для здароўя.









