У Любанскім сельскагаспадарчым прафесіянальным ліцэі прайшлі Дні адкрытых дзвярэй

Общество
10 марта 2021
128
У Любанскім сельскагаспадарчым прафесіянальным ліцэі прайшлі Дні адкрытых дзвярэй

У аўторак сюды завіталі дзевяцікласнікі гарадскіх устаноў адукацыі, а ў чацвер – сельскіх. Юнакі і дзяўчаты вось-вось завершаць навучанне на ўзроўні агульнай базавай адукацыі і могуць прадоўжыць яго ў ліцэях ці каледжах, дзе атрымаюць пэўную спецыяльнасць.

У прыватнасці, магчымасць набыцця рабочых прафесій, запатрабаваных у аграрным сектары, будаўніцтве, гандлі і грамадскім харчаванні,  якраз-такі прадстаўляе наш ліцэй. Змястоўную інфармацыю пра развіццё яго на сучасным этапе, створаныя  ўмовы для сацыялізацыі і самаразвіцця рабят агучылі гасцям мерапрыемства дырэктар установы Сяргей Еўдакімчык і яго намеснік па вучэбна-выхаваўчай рабоце Алена Якушэвіч. Іх аповед быў падмацаваны відэафільмам пра ліцэй, спецыяльнасці, па якіх вядзецца падрыхтоўка, а таксама дасягненні і поспехі навучэнцаў як у вучобе, так і ў творчасці, спорце – для гэтага ва ўстанове таксама маецца ўсё неабходнае. У чым школьнікі змаглі ўпэўніцца ўвачавідкі падчас арганізаванай для іх экскурсіі.

Яны ўбачылі  майстэрні, вытворчыя лабараторыі, спартыўную залу, сучасную трэнажорную, якая нядаўна пачала функцыянаваць (прычым для навучэнцаў бясплатна), прыгожую сталовую, кабінеты для заняткаў у гуртках па інтарэсах, утульныя пакоі інтэрната, паглядзелі тэхніку, змаглі пасядзець за рулём машын і трактароў, паназіралі, як будучыя павары вучацца гатаваць, упрыгожваць стравы, і нават пакаштавалі духмяных бліноў.

А яшчэ рабяты пабывалі ў вытворчым цэху УВП “Ніва”. Прадпрыемства наладзіла цеснае супрацоўніцтва з Любанскім ліцэем. Дасягнута дамоўленасць аб адкрыцці новай спецыяльнасці “Механічная апрацоўка металу на станках і лініях. Тэхнічная эксплуатацыя абсталявання”. Першы набор у вучэбную групу плануецца ўжо сёлета. Пасля заканчэння выпускнікам яе будзе прысвоена кваліфікацыя “Токар 4 разраду. Слесар-рамонтнік 3 разраду”. Кіраўніцтвам прадпрыемства зараз выдаткоўваюцца сродкі для абуладкавання неабходнай базы для навучання. А пасля ім жа гарантуецца працаўладкаванне для выпускнікоў. Як зазначыў на мерапрыемстве намеснік генеральнага дырэктара холдынга, дарэчы, ураджэнец Сарачоў, Андрэй Майсееня, у калектыве заўсёды рады маладым мэтанакіраваным кадрам.  Кампанія мае ўстойлівы эканамічны стан, інтэнсіўна развіваецца, знаходзіць новыя рынкі збыта, заслужыла добрую рэпутацыю сярод сусветных вытворцаў карысных выкапняў, для патрэб якіх пастаўляе абсталяванне. А плённая праца калектыву ў сваю чаргу ўзнагароджваецца годнай зарплатай. Работнікам прадстаўляюцца сацыяльныя гарантыі, магчымасць навучання і павышэння кваліфікацыі, кар’ернага росту.

Перад дзевяцікласнікамі выступілі таксама першы намеснік старшыні Любанскага райвыканкама Аляксандр Цярэшкін і дырэктар КСУП “Таліца-агроа” Максім Мацяс. Яны вялі гаворку пра важнасць працы аграрыяў, запатрабаванасць трактарыстаў, вадзіцеляў і прадстаўнікоў іншых прафесій  у гаспадарках нашага раёна. Намеснік дырэктара ДУП “ПМК-201” Павел Багрый прыцягнуў увагу падлеткаў да будаўнічай галіны. Расказаў пра новабудоўлі Любаншчыны, пакрэсліўшы, што планаў шмат не толькі на бягучы год. А таму ў арганізацыі чакаюць руплівых, матываваных навучэнцаў ліцэя і для праходжання практыкі, і для наступнага ўладкавання на работу.

Такім чынам мерапрыества аказалася цікавым і карысным для рабят. Без сумнення, кожны з іх зрабіў для сябе пэўныя высновы, зразумеў, што выбар прафесіі – вельмі адказны крок, ад якога шмат у чым залежыць далейшы дабрабыт чалавека. А таму ўжо цяпер важна вызначыцца, да чаго ёсць схільнасці, каб пасля іх развіваць і ўдасканальваць. 


pravoby presgov raispolkom mininf ispolkom portal 1radio