У Любанскім сельскагаспадарчым прафесіянальным ліцэі чакаюць новае папаўненне
За час існавання (больш як чатыры дзесяцігоддзі) тут прайшлі навучанне звыш 8,5 тысячы дзяўчат і юнакоў, якія сталі кваліфікаванымі спецыялістамі рабочых прафесій у розных сферах і прыносяць карысць не толькі на малой радзіме, а і ў іншых рэгіёнах.
Жыццё не стаіць на месцы, запыты эканомікі пастаянна мяняюцца. Адпаведна на рынку працы рэгіёна нейкія спецыяльнасці становяцца менш запатрабаванымі, а іншыя наадварот. І гэта абставіна, як зазначыў дырэктар установы Сяргей Еўдакімчык, канешне, улічваецца пры падрыхтоўцы кадраў. Сёлета, у прыватнасці, ліцэй пачынае набор па новаму накірунку «Механічная апрацоўка металу на станках і лініях. Тэхнічная эксплуатацыя абсталявання». Выпускнікі яго атрымаюць кваліфікацыю токара 4 разрада; слесара-рамонтніка 3 разрада.
Рыхтуюцца памяшканні для практычных заняткаў па новай спецыяльнасці.
Як і ў мінулым годзе, будзе ажыццяўляцца прыём на спецыяльнасці «Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ. Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў» (з прысваеннем пасля навучання кваліфікацыі слесара па рамонце сельгасмашын і абсталявання 3 разрада, трактарыста-машыніста сельгасвытворчасці A, B, C (трактары), D, вадзіцеля аўтамабіля катэгорыі С), «Грамадскае харчаванне. Гандлёвая справа» (повар 4 разрада, прадавец 4 разрада), «Аддзелачныя будаўнічыя работы. Вытворчасць будаўніча-мантажных і рамонтных работ» (муляр, тынкоўшчык). Набор вядзецца на аснове базавай адукацыі і спецыяльнай. Сёлета запланавана прыняць 117 навучэнцаў.
Варта сказаць, што маладым людзям, якія думаюць аб будучай прафесіі, было б добра спыніць свой выбар менавіта на сельгасліцэі. Падстаў для гэтага шмат.
–У нас добрая вучэбна-матэрыяльная база, моцны кадравы патэнцыял, – падзяліўся Сяргей Васільевіч. – Забяспечваецца якасны ўзровень падрыхтоўкі рабочых. Наладжана цеснае ўзаемадзеянне з шэрагам арганізацый і прадпрыемстваў, дзе навучэнцы праходзяць практыку, замацоўваюць тэарэтычныя веды, а пасля атрымліваюць туды размеркаванне для працаўладкавання.
Адной з пераваг навучання ў Любанскім сельскагаспадарчым прафесіянальным ліцэі з’яўляецца і тое, што падчас вучобы ўсім іншагароднім даецца месца ў інтэрнаце, дзе створаны належныя ўмовы для пражывання. Навучэнцы забяспечваюцца бясплатна смачнымі абедамі, а рабяты, якія засталіся без апекі бацькоў, і з малазабяспечаных сем’яў харчуюцца тры разы ў дзень.
У сталоўцы навучальнай установы камфортна, утульна і заўсёды смачна прыгатавана ежа.
Пасля заняткаў жадаючыя могуць наведваць трэнажорную залу, разнастайныя аб’яднанні па інтарэсах, развіваць фізічныя, творчыя і інтэлектуальныя здольнасці.
А закончыўшы дадзеную ўстанову адукацыі, ужо з трывалым багажом навыкаў і ўменняў выпускнікі змогуць прадоўжыць вучобу ў сярэднеспецыяльных ці вышэйшых навучальных установах па абранай прафесіі.

Алеся Курбацкая, навучэнка 1 курса спецыяльнасці «Грамадскае харчаванне. Гандлёвая справа»:
–Я з Мар’інай Горкі, але ў мяне шмат родных і знаёмых у Любані. Таму даўно вырашыла, што буду паступаць менавіта ў гэты ліцэй. З выбарам будучай прафесіі вызначылася таксама загадзя. І ніколькі не шкадую. Тут добрыя ўмовы для навучання і пражывання, выдатныя педагогі, прафесійныя, кампетэнтныя і мудрыя, умеюць зацікавіць і дапамагаюць разабрацца з кожнай тэмай, унікнуць ва ўсе нюансы справы.

Мікіта Пучыла і Данііл Корбут, навучэнцы 2 курса спецыяльнасці «Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ. Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў»:
– Вучыцца нам вельмі падабаецца. У ліцэі добрая падрыхтоўка, якая грунтуецца на атрыманні ў першую чаргу практычных навыкаў. Ёсць таксама ўсе ўмовы для заняткаў спортам, актыўнай грамадскай дзейнасці. А чаму абралі гэту ўстанову? Па-першае, з маленства любім тэхніку, асабліва аўтамабілі. Па-другое, нашы таты ў свой час заканчвалі Любанскі ліцэй па такой жа спецыяльнасці. Вось і мы па іх прыкладзе прыйшлі сюды.










