У Любанскай раённай цэнтральнай бібліятэцы дадзены старт Display-кросінгу «Вялікая сіла – адзінства народа»
Арганізаваны ён аддзелам бібліятэчнага маркетынгу пры падтрымцы РЦБ з мэтай
развіцця і рэалізацыі творчых здольнасцяў бібліятэкараў, удасканалення
дзейнасці па арганізацыі кніжных выстаў, укаранення інавацыйных форм работы з
чытачамі, садзейнічання іх грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню. Плануецца, што
ў рамках новага праекта будзе праведзены шэраг аўтарскіх і калектыўных выстаў,
дзе знойдуць адлюстраванне традыцыйная культура, духоўная спадчына, творчасць
пісьменнікаў-землякоў і іншыя тэмы. А напрыканцы года конкурсная камісія зробіць
грунтоўны аналіз і вызначыць лепшыя распрацоўкі.
Распачала Display-кросінг прэзентацыя выставы «Я пазнаю Беларусь»,
аформленай у чытальнай зале. Прысутныя з цікавасцю слухалі інфармацыю пра
прадстаўленыя выданні – гістарычныя, публіцыстычныя, мастацкія. З дапамогай іх
чытачы, наведвальнікі бібліятэкі могуць пашырыць веды пра малую радзіму і ўсю
Бацькаўшчыну, гераічныя старонкі мінулага роднага краю, значныя падзеі,
славутых людзей, традыцыі.
Змястоўны аповед нікога не пакінуў раўнадушным. І некаторыя з удзельнікаў
нават выказалі жаданне прачытаць творы, прысвечаныя Айчыне. Прагучалі лірычныя
вершы, напоўненыя незвычайнай цеплынёй, шчырасцю, пра маляўнічыя краявіды нашай
краіны, яе моц і палымяных патрыётаў, верных сыноў сваёй дзяржавы.
Падсумоўваючы, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Аляксеева зазначыла, што дадзены праект вельмі карысны, асабліва ў Год народнага адзінства. Ён, безумоўна, пасадзейнічае павышэнню гістарычнай і патрыятычнай свядомасці насельніцтва, развіццю інтарэса да мінулага і сучаснасці, разуменню таго, што Беларусь моцная суверэнная дзяржава. І вельмі важна нам усім разам захаваць тое, што маем.









