У Любанскай ДШМ адбылося пасвячэнне ў першакласнікі
Штогод у Любанскую школу мастацтваў
прыходзяць новыя рабяты, якія жадаюць навучыцца іграць на музычных
інструментах, прыгожа спяваць, маляваць, танцаваць, набыць акцёрскія навыкі. І
традыцыйна ў Дзень музыкі, 1 кастрычніка, ладзіцца ўрачыстасць па пасвячэнні іх
у першакласнікі. Вось і на мінулым тыдні праведзена яна для дзяўчынак і
хлопчыкаў, якія робяць першыя крокі ў дзівосны свет мастацтва. У зале панавала
атмасфера сапраўднага свята. Рабяты наперабой адгадалі загадкі вядучых. А
таксама актыўна апладыравалі ўдзельнікам канцэртнай праграмы, вучням старэйшых
класаў, якія ўжо дасягнулі пэўных поспехаў. Гучалі прыгожыя кампазіцыі ў
выкананні юных скрыпачак, гітарыстаў, баяністаў, дзіцячага хора і інш. А ў
навучэнцаў тэатральнага аддзялення адбылося дэбютнае выступленне. Тым не менш
яны выдатна справіліся і парадавалі гледачоў. Напрыканцы мерапрыемства
першакласнікі далі клятву і сталі паўнапраўнымі навучэнцамі школы мастацтваў.
Поспехаў ім у творчай дзейнасці, натхнення, старання, настойлівасці і цярпення
пажадала намеснік дырэктара Любанскай ДШМ Марына Кубец. Каб рабяты наведвалі
заняткі з ахвотай і атрымлівалі задавальненне ад таго віду мастацтва, якім
займаюцца.









