У Любані 24 верасня адбылося вылучэнне кандыдата ў члены Савета Рэспублікі
Гэта задача стаяла і перад членамі Любанскага райвыканкама, прэзідыумам Савета дэпутатаў на нядаўнім сумесным пасяджэнні, на якім таксама прысутнічалі першы намеснік старшыні Мінаблвыканкама Ігар Макар, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Юлія Мурына.
Кіраўнік нашага раёна Валерый Мельнік пазнаёміў прысутных з парадкам вылучэння кандыдатуры ў члены верхняй палаты парламента. А затым старшыня райсавета дэпутатаў Андрэй Драбудзька прапанаваў у якасці яе Н.В. Якубіцкую.
Наталля Віктараўнанарадзілася ў 1971 годзе ў г. Смалявічы.Яна скончыла Мінскі інстытут кіравання («Фінансы і крэдыт»), Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь («Дзяржаўнае кіраванне нацыянальнай эканомікай»). Сваю прафесійную дзейнасць пачала ў 1994 годзе эканамістам-фінансістам Крупскага каапнарыхтпрама. Потым працавала на розных пасадах на Смалявіччыне, у інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Заводскім раёне г. Мінска, камунальным унітарным прадпрыемстве «Упраўленне дарожна-маставога будаўніцтва і добраўпарадкавання Мінгарвыканкама». З 2008 па 2018 гады з’яўлялася начальнікам аддзела эканомікі, намеснікам старшыні па эканоміцы Смалявіцкага раённага выканаўчага камітэта. У сакавіку 2018 года Н.В. Якубіцкая абрана на пасаду старшыні Мінскага абласнога Савета дэпутатаў.
У падтрымку Наталлі Віктараўны выказаліся і дэпутат аблсавета Аляксандр Буян, намеснік старшыні Любанскага райвыканкама Тамара Дамашэвіч. Яны зазначылі: «Гэта чалавек з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, высокімі прафесіянальнымі і маральнымі якасцямі».
У сваю чаргу Наталля Якубіцкая падзякавала ўсім за аказаны давер і распавяла, што мае намер і далей плённа працаваць над вырашэннем многіх задач у рэгіёне. Няма няважных пытанняў, падкрэсліла яна, усе, якія ўзнікаюць, патрабуюць прыняцця канкрэтных мер. Старшыня абласнога Савета дэпутатаў акрэсліла кола праблем, існуючых на Любаншчыне (недахоп месцаў у дашкольных установах, недастатковае замацаванне медыцынскіх кадраў і г.д.), і паабяцала ўсебакова спрыяць іх рашэнню.
Не дзіўна, што любанскія дэпутаты і члены райвыканкама прагаласавалі «за» вылучэнне кандыдатуры Н.В. Якубіцкай у члены Савета Рэспублікі.









