У Дзень Святой Троіцы, 16 чэрвеня, у Азярном Сороцкага сельсавета прайшло свята вёскі

Падчас праграмы, якая доўжылася з дзевяці гадзін раніцы і амаль да апоўдня, прагучала шмат шчырых слоў у адрас былых і цяперашніх жыхароў Азярнога. Па традыцыі, што склалася пры правядзенні такога кшталту мерапрыемстваў на Любаншчыне, ушанавалі ветэраў працы, адзначылі і ўручылі падарункі сталым людзям – тым, каму 80 і больш гадоў.
Калі ў невялікім сяле нараджаецца немаўля, тады ў аднавяскоўцаў умацоўваецца надзея на тое, што працяг жыцця гэтага населенага пункта будзе. Гучнымі апладысментамі ўдзельнікі свята віталі маладую маці Таццяну Уладзіміраўну Кашко і яе маленькага сыночка Уладзіслава, якому пакуль 1,8 года. Канечне, не засталіся па-за ўвагай шматдзетныя, у тым ліку і апякунская сям’я Захарчанкаў. Цёплымі словамі віншавалі паважаную сямейную пару Фёдара Рыгоравіча і Зінаіду Мікалаеўну Гуцко, якія жывуць разам у шлюбе, ладзе ды згодзе 49 гадоў. Падарунак за добрасумленную працу па абслугоўванні аднавяскоўцаў, якія ў гэтым маюць патрэбу, атрымала сацыяльны работнік ТЦСАН Наталля Яўгенаўна Гуцко. Ушанавалі і дачніцу Галіну Станіславаўну Каваленю, гаспадыню добраўпарадкаванай сядзібы. Дарэчы, большасць падарункаў, што былі ўручаны падчас урачыстасці, набыў Сароцкі сельвыканкам. Спонсарамі праграмы выступілі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і раённае спажывецкае таварыства.

Думаецца, жыхарам Азярнога і ўсім прысутным спадабалася вялікая канцэртная праграма, насычаная мастацкімі нумарамі на любы густ, падрыхтаваная калектывам Сароцкага СДК. А яшчэ на свяце было шмат пярэстых букетаў і розных кветак з уласных падворкаў. Мясцовыя жыхары шчодра адорвалі імі артыстаў і ўдзельнікаў мерапрыемства. А яно, па словах арганізатараў, прайшло на належным узроўні, змястоўна, насычана, весела і запамінальна.









