У добры шлях!
Мерапрыемства прайшло пад старшынствам генеральнага дырэктара Мінскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Сяргея Мацюшэўскага. Спачатку адбылася цырымонія пасвячэння ў маладыя спецыялісты. Папаўненню ўручылі памятныя падарункі. А пасля ўдзельнікі семінара-нарады залажылі памятную алею з цвёрдаліставых парод.
Наведалі мерапрыемства і любанчане. Сёлета калектыў нашага лясгаса папоўнілі чатыры маладыя спецыялісты. Адзін з іх, праўда, на днях атрымаў позву ў армію і хутка накіруецца на службу. А вось трое астатніх сталі паўнапраўнымі героямі ўрачыстасці. Гаворка ідзе пра памочніка ляснічага Соснаўскага лясніцтва Аляксандра Машчыцкага, майстра лесу Жалаўскага лясніцтва Марыну Шолахаву і майстра лесу Калінаўскага лясніцтва Сяргея Лучыновіча. Дарэчы, усе яны нарадзіліся на Любаншчыне. Маладыя асобы з’яўляюцца выпускнікамі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, Бабруйскага дзяржаўнага лесатэхнічнага каледжа і Полацкага дзяржаўнага ляснога каледжа адпаведна.
Дададзім, што Аляксандр пасля атрымання вышэйшай адукацыі працягнуў вучобу ў магістратуры БДТУ, а Марына і Сяргей плануюць у хуткім часе стаць студэнтамі завочнага аддзялення вышэйназванага ўніверсітэта.









