У чарговы раз па міжнародным абмене на базе аздараўленчага лагера «Арэса» адпачывалі рабяты з Някрасаўскага раёна
На развітанне з Любаншчынай яны сустрэліся з кіраўніцтвам раёна, каб падзяліцца ўражаннямі. Юнакі і дзяўчаты наперабой расказвалі, як бавілі час, дзе пабывалі, што пабачылі, чым асабліва здзіўлены, задавалі свае пытанні. Атрымаўся сапраўды жывы дыялог.
Так, расійскія падлеткі цікавіліся наконт навядзення парадку на зямлі ў нашым рэгіёне, паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі, наяўнасці ў іх бюджэтных месц, размеркавання пасля атрымання адукацыі і г.д. Кіраўнікі раённага выканаўчага камітэта Сяргей Казецкі і райсавета дэпутатаў Андрэй Драбудзька, намеснік старшыні райвыканкама Тамара Дамашэвіч, начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Таццяна Каравацкая, дырэктар музея народнай славы Наталля Сіняк далі вычарпальныя адказы на ўсе пытанні, давялі шмат змястоўнай інфармацыі пра развіццё нашага рэгіёну, планы на будучыню і запрасілі наведвацца ў край над ракой Арэсай разам з бацькамі, сябрамі, каб яшчэ больш уведаць яго традыцыі, гісторыю і г.д.
Напрыканцы сустрэчы юнакі і дзяўчаты атрымалі падарункі і салодкія пачастункі. Дарэчы, рабяты прызналіся, што такіх смачных цукерак, а яшчэ марожанага, як у нас, на іх радзіме няма. Таму падчас прабывання на Любаншчыне яны з задавальненнем ласаваліся гэтымі прысмакамі і набылі ў якасці прэзентаў для сваіх блізкіх.
Да слова, пазнаёміцца расійскія падлеткі паспелі не толькі з нашым раёнам, для іх арганізоўваліся разнастайныя экскурсіі – у Нясвіж, Брэст і інш., кожны дзень быў надзвычай насычаны. І пакідалі яны «Арэсу» крыху стомленыя, але вельмі задаволеныя, іх твары свяціліся ад шчырых усмешак падзякі.









