У Беларусі сёння адзначаюць День маці
Вялікая, дружная, працавітая сям’я ў Яўгеніі Зайкус з вёскі Зялёнкі. «Менавіта пра такую заўсёды марыла», – прызналася пры сустрэчы жанчына. – У маёй матулі было трое дзетак, і я, калі падрасла, вырашыла, што ў мяне будзе не менш. А Бог даў мне найвялікшае шчасце – нарадзіць пяцёра сыночкаў і дачушак».
І пра ўсіх іх Яўгенія Леанідаўна расказвае з
пяшчотай. «Самаму старэйшаму Сашку ў лістападзе споўніцца 19. Ён ужо сур’ёзны
малады чалавек, вельмі сціплы, дабразычлівы. У слуцкім каледжы вучыцца на
пекара. Такую ж спецыяльнасць набывае і Караліна, ёй вось-вось будзе
шаснаццаць. Старшы брат клапоціцца пра сястру, дапамагае ёй ва ўсім».
Самаму малодшаму члену сям’і Зайкус – Мацвейку –
толькі тры з паловай гадкі. Ён – агульны пестунок. Маленькі гарэза не дае
сумаваць нікому. Хлопчыку ўсё цікава, гледзячы на старэйшых, ён пастаянна
імкнецца авалодваць новымі навыкамі. Здараецца, сваволіць. Але ўсе яму даруюць,
бо Мацвейка, што называецца, пазнае свет.
Карына і Мікіта – школьнікі, вучацца адпаведна ў 9
і 7 класах. Яны – галоўныя памочнікі таты і мамы. Пасля заняткаў наведваюць
розныя аб’яднанні па інтарэсах, а затым спяшаюцца адому, каб дапамагчы бацькам.
«Разам у хаце прыбіраем, гатуем, на гародзе працуем, – зазначыла шматдзетная
матуля. – А яшчэ любім улетку разам у лес за грыбамі хадзіць».
Ёсць у сям’і і традыцыя – да свята торты ды піражкі
розныя пячы, прычым задзейнічаны звычайна ў кулінарным працэсе і дзяўчынкі, і
хлопчыкі. Мабыць, таму і вырашылі старэйшыя дзеці абраць для сябе такую
прафесію.
Тата і мама ж робяць у адкрытым акцыянерным
таварыстве «Асавец-агра»: ён – трактарыстам-машыністам, яна – жывёлаводам. Плённа
і рупліва шчыруюць, адказна адносяцца да даручаных абавязкаў. А гэта найлепшы
прыклад для дзетак.
Адносіны ж у сям’і Зайкус будуюцца на даверы і
ўмаемападтрымцы. Яўгенія з мужам Віталіем умеюць знаходзіць кампрамісы ў розных
надзённых пытаннях, разам займаюцца выхаваннем дачушак і сыночкаў, вучаць іх
быць дружнымі, сумленнымі, працавітымі, паважлівымі да дарослых, адказнымі за
свае ўчынкі.









