Творча працуе на чале газеты «Переменка» - 5 мая ў Беларусі адзначаецца Дзень друку
У нашай раённай газеты «Голас Любаншчыны» таксама шмат надзейных сяброў, якія дасылаюць свае нататкі, заметкі, замалёўкі, вершы, удзельнічаюць у творчых конкурсах. У ліку найбольш актыўных аўтараў – Лілія Сініцкая. Яе матэрыялы вылучаюцца адметным стылем, выклікаюць цікавасць у чытачоў.
Каля дзесяці гадоў Л.С. Сініцкая не парывае сувязяў з раёнкай. Супрацоўніцтва Лілія Пятроўна наладзіла амаль адразу, як пачала прафесійны шлях у якасці педагога. Раней у сваіх матэрыялах распавядала пра школьныя справы Малагарадзячыцкага вучэбна-педагагічнага комплексу ДС-СШ. А з мінулага года, калі змяніла вясковую прапіску на гарадскую і ўладкавалася ў СШ №1 г. Любані, асвятляе мерапрыемствы, якія ладзяцца ў гэтай установе адукацыі. І, што асабліва станоўча, Л.П. Сініцкая далучае да творчай справы і навучэнцаў. Апантаная настаўніца ўзначаліла калектыў школьнай газеты «Переменка» і згуртавала вакол сябе таленавітых падлеткаў. Юныя карэспандэнты пад яе кіраўніцтвам спасцігаюць асновы журналістыкі, вучацца разважаць, аналізаваць, пішуць пра тое, чым жыве СШ №1, штомесяц рыхтуюць выпускі газет. Ад рабят пра іх галоўнага рэдактара можна пачуць толькі самыя лепшыя водгукі. Кажуць, што з Ліліяй Пятроўнай і весела, і цікава. Яна натхняе юнакоў і дзяўчат, дапамагае раскрыць і развіць творчыя здольнасці, дае магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі журналістаў. А для кагосьці з іх, магчыма, менавіта з «Переменки» пачнецца шлях у прафесію.









