Тамара Дамашэвіч і Андрэй Амшарук сустрэліся з працоўным калектывам Любанскай фабрыкі адзення
У суправаджэнні дырэктара Рэгіны Скубеніч яны прайшлі па ўсіх цэхах, паглядзелі, у якіх умовах там шчыруюць работнікі, пагутарылі з імі, пацікавіліся, што турбуе, ці маюцца пажаданні, просьбы, прапановы.
Працаўнікі, а гэта па большай частцы прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва, выказалі задаволенасць створанымі для іх умовамі на прадпрыемстве. Не прагучала нейкіх нараканняў і на дзейнасць іншых служб.
Звяртаючыся да кіраўніка ўстановы аховы здароўя, работнікі падзякавалі за тое, што хаця б мінімальнае медыцынскае абследаванне яны маюць магчымасць прайсці на месцы, так як працоўны калектыў швейнай фабрыкі адзення, адзін з нямногіх у раёне, вызначаны для рэалізацыі пілотнага праекта па прафілактыцы неінфекцыйных захворванняў.
Асноўнымі мэтамі яго, як патлумачыў Андрэй Іванавіч, з’яўляюцца павышэнне інфармаванасці насельніцтва, матывацыя да вядзення здаровага ладу жыцця, ранняя дыягностыка хвароб і своечасовае іх лячэнне. Што датычыць заказу талонаў на прыём да ўрачоў паліклінікі, А.І. Амшарук параіў карыстацца магчымасцямі інтэрнэта (праз сайт «Талон.бай»).









