Тальскія клопаты
У прыватнасці, Валянціна Лазоўская і шэраг іншых вяскоўцаў паскардзіліся на перабоі ў забеспячэнні вадой, а таксама на дрэнную яе якасць. Дадзеная праблема існуе не першы год, з таго моманту, як быў абуладкаваны аграгарадок і пабудаваны некалькі вуліц. Дамы падключылі да школьнай вежы (так яе называюць у Талі), нагрузка значна павялічылася, а магутнасць яе не была разлічана на такую колькасць спажыўцоў. Калі яны забілі, што называецца, трывогу, вежу паспрабавалі нарасціць, а водаправодную сістэму ад яе закальцавалі з другой, якая знаходзіцца на балансе гаспадаркі. Аднак праблему такім чынам рашыць не ўдалося. З гэтага часу пагоршылася якасць вады. І па-ранейшаму ў летні час з ёй узнікаюць перабоі. Іван Станіслававіч зазначыў, што пытанне будзе ўзята на кантроль, мясцовая ўлада абавязкова прапрацуе яго і знойдзе выйсце.
Таццяна Мікуліч шукае праўды наконт выплаты аліментаў. Яе былы муж да нядаўняга часу рабіў у бабруйскай арганізацыі, але на працягу дзесяці месяцаў грошы адтуль не пераводзіліся. Адразу даць аргументаваны адказ заяўніцы, вядома, было немагчыма. Трэба высветліць усе нюансы, і перш за ўсё тое, ці рабіліся адлічэнні ў мужа. Дэталёва разбярэцца ў гэтым у самы бліжэйшы час начальнік Любанскага раённага аддзела Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва Сяргей Піскун.
Маладая матуля Святлана Рашчэня ад імя ўсіх жыхароў Талі, у каго ёсць дзеткі, прасіла абуладкаваць у аграгарадку гульнёвую пляцоўку з горкамі, трынажорамі і г.д., дзе б маглі забаўляцца малышы і бавіць час большыя рабяты. І.С. Маркевіч згадзіўся, што ў такім населеным пункце (пражывае звыш 1000 чалавек) яна павінна быць. І заўважыў: сельвыканкам павінен у гэтым пасадзейнічаць.
Звярнуцца да намесніка старшыні Мінаблвыканкама Аксану Юхневіч прымусілі асабістыя абставіны. Шмат гадоў яна працуе ў “Таліцы-агра”. Але зараз жадае ўладкавацца на новае месца па той прычыне, што ў гаспадарцы зараз нізкая заработная плата. А ў жанчыны муж-інвалід і чацвёра дзяцей. Аднак кіраўніцтва КСУП пагражае выселіць сям’ю з дома, які выдзелены гаспадаркай у 2011 годзе. У сваю чаргу, Іван Станіслававіч запэўніў заяўніцу, што так з ёй абысціся не могуць: у нашай краіне прадпрымаюцца ўсе меры па сацыяльнай абароне шматдзетных сем’яў. А кіраўніку “Таліцы-агра” параена, калі ён хоча ўтрымаць добрых працаўнікоў, адпаведна забяспечыць ім дастойны памер заработнай платы.
Пасля прыёму І.С. Маркевіч сустрэўся з калектывам райбальніцы. Падчас размовы ён распавёў пра рэалізацыю сацыяльнай палітыкі на Міншчыне, на якія накірункі робіцца акцэнт. Пра тое, як развіваецца непасрэдна Любаншчына прысутным расказаў старшыня райвыканкама Сяргей Казецкі.









