Святкавалі і ў гарадскім парку

У гэты ж час гасцей пачалі сустракаць сялянскія падворкі: кожны сельскі Савет (акрамя Соснаўскага і Малагарадзяціцкага, што традыцыйна былі заняты на востраве партызанскай славы Зыславе) прадставіў сваю арыгінальную інсталяцыю. І не толькі яе. Слава пра гасціннасць беларусаў разышлася далёка па свеце, а якая ж сустрэча землякоў без пачастункаў? Увішныя гаспадыні з розных населеных пунктаў расстараліся і падышлі да справы і да страў з фантазіяй, каб уразіць любанчан як традыцыйнымі, так і сучаснымі блюдамі. Прычым ацанілі госці не толькі смак прыгатаванага, а і ўбранства саміх падворкаў. Антураж трыццатых-саракавых гадоў з ваенным адценнем пастараліся вытрымаць амаль ва ўсіх з прадстаўленных сядзіб. Рарытэтныя рэчы ад вінтажных патэфонаў да чамаданаў кідаліся ў вочы то тут, то там. Як і ваенная форма, што стала спраўдным хітом дня.




Не меншую цікавасць у адпачываючых выклікала і ітэрактыўная пляцоўка БРСМ, прысвечаная Дню вышыванкі. Актывісты Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі прапаноўвалі прысутным паспрабаваць сябе ў якасці мастакоў: дамаляваць адзін з элементаў традыцыйнага беларускага ўзора. Чырвоныя стужкі з ім дзяўчаты павязвалі на руку гасцям свята на шчасце.

Летняя сцэнічная пляцоўка таксама не пуставала. Самадзейныя артысты Сароцкага сельскага Дома культуры, што змянілі музыкантаў духавога аркестра Любанскй дзіцячай школы мастацтваў, спецыяльна да свята падрыхтавалі канцэртную праграму. Лірычныя мелодыі змяняліся заліхвацкімі песнямі і танцамі розных стыляў, а гледачы не шкадавалі апладысментаў.


Не сумавалі і дзеці. Для маленькіх удзельнікаў свята праграмай мерапрыемства былі запланаваны спартыўныя пляцоўкі “На старт!..” і гульнёва-забаўляльная праграма ЦДТ «Святочная круцель». Да таго ж, рабяты маглі скаціцца з надзіманых горак, паскакаць на батуце, пакаштаваць смачнасцяў. Салодкая вата і пап-корн карыстаюцца высокай папулярнасцю на ўсіх святах, аднак і прысмакі ад райспажыўтаварыства знайшлі сваіх пакупнікоў. А вось падсілкавацца сапраўднай салдацкай кашай можна было бясплатна, і жадаючых яе паспрабаваць хапала.










