«Святая Зорка Нараджэння» ўзышла на Любаншчыне
Раніцай у храме Праабражэння Гасподняга прайшло святочнае богаслужэнне, пасля завяршэння яго – хрэсны ход, галоўнымі ўдзельнікамі якога сталі дзеці. Яны ішлі ад храма да будынка школы мастацтваў, дзе ўрачыстасць атрымала працяг.
Утульная зала ДШМ у гэты дзень сапраўды не мела магчымасці ўмясціць гледачоў – вельмі шмат было жадаючых наведаць імпрэзу. З прывітальным словам да прысутных звярнуўся ўладыка Антоній, які павіншаваў усіх са святам, выказаў словы падзякі арганізатарам фестывалю, падкрэсліўшы, што Божае Нараджэнне аб’ядноўвае людзей, абуджае ў іх сэрцах жаданне стаць больш добрымі і міласэрнымі. Тамара Дамашэвіч, намеснік старшыні райвыканкама, у сваім выступленні адзначыла:
– Цудоўна, што на Любанскай зямлі сабраліся людзі, якія лічаць духоўнасць галоўным у жыцці. Калі мы з чыстай душою і адкрытым сэрцам пачынаем рабіць добрыя справы, то гэта дапамагае змагацца з тымі негатыўнымі з’явамі, якія, на жаль, ёсць у нашым грамадстве. Тамара Мікалаеўна пажадала прысутным не губляць веру ў тое, што свет цудоўны і стане яшчэ лепшым дзякуючы ўдзелу кожнага з нас.
У канцэрце «Неба і Зямля радасна спяваюць» прагучалі творы ў выкананні царкоўна-прыходскіх хароў Слуцка-Салігорскай епархіі, узорнага фальклорнага ансамбля «Калыханка» Міханавіцкага Дома фальклору, харавых калектываў Мінскай вобласці. З замілаваннем слухалі прысутныя спевы таленавітых выканаўцаў, сярод якіх была і духоўная капэла царквы Праабражэння Гасподняга з Любані.
У межах фестывалю праходзіў ІІ адкрыты рэгіянальны дзіцячы конкурс выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Божы дар», удзельнікамі якога сталі юныя мастакі і рамеснікі з розных куточкаў Мінскай і Гомельскай абласцей. Пазнаёміцца з іх работамі можна было ў выставачнай зале, якая знаходзіцца на другім паверсе ДШМ. Там працавала і журы пад кіраўніцтвам Раісы Раманені, члена Саюза народных майстроў Рэспублікі Беларусь, кіраўніка заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Беларускі сувенір». Да слова, у склад журы ўваходзіў і благачынны Любанскай царкоўнай акругі протаіерэй Аляксандр Драгун, які таксама прыняў удзел і ва ўшаноўванні пераможцаў конкурсу. Аўтары 66 работ былі ўзнагароджаны дыпломамі і падарункамі.

Свята працягвалася, і павіншаваць з ім, падарыць добры настрой гледачам у Любань завіталі два бабруйскія ансамблі: вакальны – «Любава» і народны казачы «Вольница». У рэпертуары калектываў – песні рускіх, беларускіх, украінскіх аўтараў, шчыра і душэўна выконвалі іх самадзейныя артысты.










