Сустрэча Прэзідэнта Беларусі з прадстаўнікамі буйнейшых дзяржаўных СМІ

Общество
18 апреля 2018
175
Сустрэча Прэзідэнта Беларусі з прадстаўнікамі буйнейшых дзяржаўных СМІ
Лукашэнка аб ролі СМІ: не факт, што ядзерная зброя больш магутная

Кіраўнік дзяржавы высока ацэньвае ролю СМІ ў сучасным свеце, дзе на першы план выходзяць не ўзброеныя сутыкненні, а інфармацыйныя войны.

«Менавіта інфармацыйныя войны сталі адметнай рысай XXI стагоддзя. Сродкі масавай інфармацыі ператварылі ў зброю. І, ведаеце, гэта зброя больш магутная, чым ядзерная. Таму што малы зарад у выглядзе нейкай навіны імгненна ахоплівае ўсю планету. І па сіле знішчальнага ўздзеяння, не факт, што ядзерная зброя больш магутная», – адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь – выключна мірная краіна.

Лукашэнка: задача новага закона аб СМІ – абараніць людзей ад дэструктыўнай інфармацыі

Гаворачы аб задачах, якія сёння стаяць перад сродкамі масавай інфармацыі, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што частка з іх адлюстравана ў новым законе аб СМІ. Пры гэтым сам закон, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, прызначаны «абараніць нашых людзей ад патоку неправеранай, непраўдзівай, дэструктыўнай інфармацыі».

На яго думку, дастаць моладзь з тэлефонаў і камп'ютараў і прымусіць чытаць газету ўжо наўрад ці атрымаецца. «Але ў такім выпадку ў інтэрнэце мы павінны прапанаваць ім нешта цікавае, правільнае і аб'ектыўнае», – сказаў Прэзідэнт.

Лукашэнка: кіраўнікі ведамстваў павінны публічна агучваць свае пазіцыі і каменціраваць важныя падзеі

Журналісты расказалі, што пасля рэзанансных здарэнняў падчас не могуць атрымаць своечасовыя каментарыі ад кіраўнікоў адпаведных ведамстваў. Аляксандр Лукашэнка згадзіўся, што такая сітуацыя не з'яўляецца нармальнай. «Гэта ненармальна, калі Прэзідэнт гаворыць больш за міністра па яго тэме», – заўважыў беларускі лідар. Ён падкрэсліў, каб грамадскасць атрымлівала аб'ектыўную і своечасовую інфармацыю, неабходна, каб сваю пазіцыю выказвалі кіраўнікі адпаведных ведамстваў.

У Беларусі з'явіцца медыяцэнтр для асноўных тэлеканалаў

Прапанову пабудаваць такі медыяцэнтр агучыў дырэктар прадстаўніцтва Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мір» у Беларусі Уладзімір Пярцоў. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ведае гэту тэму. «Мы гэта зробім, – сказаў ён. – Зробім аптымальны і разумны праект».

Прэзідэнт удакладніў, што медыяцэнтр не з'явіцца ў бліжэйшы час. Цяпер у Беларусі ідзе падрыхтоўка да Еўрапейскіх гульняў. Плануецца таксама пабудаваць нацыянальны футбольны стадыён, басейн, у якім можна было б праводзіць спаборніцтвы сусветнага ўзроўню. Неабходна таксама дабудаваць нямала сацыяльных аб'ектаў.


БелТА.

www.belta.by

 

 

 

 


pravoby presgov raispolkom mininf ispolkom portal 1radio