Створана 191 новая ячэйка грамадства
У 2019 г. у нашым раёне афіцыйна мужам і жонкай стала 191 пара, што на 3 больш, чым у 2018. 147 шлюбаў зарэгістраваны аддзелам ЗАГС, астатнія сельвыканкамамі. Найменш на рахунку Юшкавіцкага (2), Малагарадзяціцкага, Асавецкага, Тальскага (па 3).
Сярэдні ўзрост маладажонаў летась склаў 31 год у прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва, 29 – прыгожай (для параўнання ў 2018 – адпаведна 30 і 28).Самым юным з іх на момант стварэння сям’і споўнілася па сямнаццаць. У 17 выпадках у шлюб уступалі равеснікі, у 124-х жаніхі былі старэйшымі за сваіх нявест (у 34-х розніца склала 6-20 гадоў), у 50-і – наадварот (13 – з розніцай 6-15 гадоў).
Для 253 маладажонаў марш Мендэльсона гучаў упершыню. Астатнія – 54 мужчыны і 75 жанчын – заключылі шлюб паўторна. Маюцца выпадкі, калі адносіны аформілі грамадзяне, якія маюць агульных дзяцей, прычым іх колькасць крыху павялічылася ў параўнанні з папярэднім годам (з 14,9% ад агульнага ліку да 15,7%). З удзелам жыхароў замежных краін летась зарэгістравана 11 шлюбаў (у 2018 – 8).
Але, бадай, няважна, адкуль нявеста альбо жаніх, які маюць сацыяльны статус. Галоўнае, каб яны разумелі сур’ёзнасць зробленага кроку, кахалі і паважалі адзін другога, ва ўсім падтрымлівалі.









