Старшыня Любанскага райвыканкама выслухаў звароты грамадзян, якія паступілі падчас «прамой тэлефоннай лініі»
Жыхары Любаншчыны адрасавалі кіраўніку каля дзясятка пытанняў, і ўсе яны наконт добраўпарадкавання і навядзення парадку на зямлі.
Вядома, кожнае ўзята на кантроль. У прыватнасці, ад гараджан паступілі нараканні на тое, што не абкошана тэрыторыя паміж дамамі №1 і №3 па вуліцы Я. Купалы, патрабуецца рамонт асфальтавага пакрыцця, тратуарнай дарожкі па вул. Баравіка (ад 10 да 28 дамоў) і паляпшэнне вулічнага асвятлення, па вул. Калініна, 1 з-за адсутнасці ліўнёўкі пасля дажджу ўтвараецца вялікая лужына, якая доўга не высыхае.
Што датычыць апошняй скаргі, то жыллёва-камунальнай гаспадарцы даручана своечасова пасля выпадзення ападкаў адкатваць ваду па названым адрасе. Не застануцца без рэагавання і астатнія пажаданні любанчан.
Некалькі тэлефонных званкоў было з аграгарадка Сарачы. Жыхароў дома 9Б па вуліцы Арэскай клапоціць, калі там плануецца правесці добраўпарадкаванне прылягаючай тэрыторыі. А для гаспадароў д. 5 па вул. Савецкай сапраўднай праблемай стала тое, што з дарогі паміж іх і суседнім домам вада сцякае на прысядзібны ўчастак.
Дарожная тэма гучала ў звароце вяскоўцаў з Крупенікаў. Іх турбуе дрэнны ўчастак дарогі па вул. Гагарына ад паварота на малочнатаварную ферму да магазіна. Асфальт лажылі даўно, а зараз там суцэльныя ямы.
Але не толькі каб указаць на недахопы тэлефанавалі грамадзяне. Напрыклад, жыхар райцэнтра выказаў падзяку за якаснае добраўпарадкаванне тэрыторыі па вул. Інтэрнацыянальнай (каля будынка былой сямейнай кансультацыі) у Любані. Вядома ж, па меры магчымасці будуць здымацца з парадку дня і іншыя пытанні. Аднак патрэбна разумець, што не ўсё можна зрабіць адразу.









