Старшыня Любанскага райвыканкама правёў трохгадзінную «прамую лінію»
На агучаныя пытанні дадзены адказы. Хаця вырашыць усе праблемы, якія ўздымаліся, у адначассе, вядома, немагчыма. Таму некаторыя ўзяты на кантроль і яшчэ вывучаюцца.
Жыхарка д. 25 па вуліцы Брагіна ў райцэнтры выказала просьбу заладзіць яму на дарозе побач з домам. Валерый Віктаравіч паабяцаў, што меры будуць прыняты, і даў адпаведнае даручэнне ЖКГ. Спецыялісты жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў сваю чаргу даследавалі ўказаны ўчастак. Як высветлілася, там пасля ўхілення парыву цеплатрасы адбылася ўсадка грунту. Гэта месца падсыпалі шчабёнкай. А на наступны год будзе праведзены ямачны рамонт.
Дарожную тэму ўзняла яшчэ адна гараджанка. Яе цікавіла, калі плануецца бягучы рамонт дарожнага пакрыцця на выездзе з дваровай тэрыторыі каля дома 98 па вул. Леніна. Зварот вывучаны, і заяўка на яго выкананне кіраўніцтвам ЖКГ пададзена ў ДРБУ-193.
Па пытанні працаўладкавання сына звярнулася матуля з Палічына. Малады чалавек мае адукацыю юрыста, якую набыў у Беларускім інстытуце правазнаўства. На жаль, як паведамілі ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, вакансіі па гэтай прафесіі зараз у раёне адсутнічаюць. Але параілі звярнуцца ў пастаянна дзеючую камісію па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва альбо аддзел занятасці і працоўных зносін, дзе прапануюць некалькі варыянтаў: працаўладкаванне па наяўных вакансіях, удзел у аплачваемых грамадскіх работах або прафесіянальнае навучанне па спецыяльнасцях, запатрабаваных на рынку працы ў рэгіёне.
Наконт рамонту даху вакол коміна, адсутнасці вулічнага асвятлення і добраўпарадкавання дваровай тэрыторыі патэлефанавала любанчанка з вул. Баравіка. В.В. Мельнік запэўніў жанчыну, што з усімі гэтымі пытаннямі спецыялісты ЖКГ разбяруцца, і пасля яна атрымае вычарпальны адказ.
Валерыя Мікалаевіча з Касцюкоў цікавіла, калі будзе ўстаноўлены ў населеным пункце (каля аддзялення паштовай сувязі) прыпыначны павільён. Пасля «прамой лініі» зварот пераадрасаваны ў РУП «Мінскаўтадар-Цэнтр». Будзем спадзявацца, што вырашыцца ён станоўча.
Прагучалі ад любанчан і іншыя запыты. І ні адзін з іх не застаўся не пачутым старшынёй райвыканкама.









