Старшыня Любанскага райвыканкама сустрэўся з жыхарамі аграгарадка Асавец

Общество
14 августа 2019
221
Старшыня Любанскага райвыканкама сустрэўся з жыхарамі аграгарадка Асавец
 
Чарговая сустрэча кіраўніцтва раёна з вяскоўцамі ладзілася ў аграгарадку Асавец. Прайшла яна ў форме адкрытага і канструкцыйнага дыялогу.

Старшыня Любанскага райвыканкама Валерый Мельнік уважліва выслухаў усе пытанні, некаторыя з іх задаваліся вельмі эмацыянальна, бо, як кажуць, ужо набалелі. Але Валерый Віктаравіч здолеў супакоіць усіх, запэўніў, што сам-насам з праблемамі грамадзяне не застануцца.

Найбольш клопатаў, як высветлілася, у жыхароў вуліцы Маладзёжнай: нізкае напружанне, з-за чаго іншы раз нельга скарыстацца мікрахвалевай печчу, пральнай машынай і іншай бытавой тэхнікай; дрэнная дарога – асфальт пакладзены даўно і патрабуе рамонту; слабы напор вады. А ў насельнікаў двухпавярховага дома каля школы яе ўвогуле няма. В.В. Мельнік паабяцаў, што ў самы бліжэйшы час адказныя службы правядуць абследаванне, і на працягу месяца будуць прыняты меры для вырашэння агучаных пытанняў.


Жыхары Асаўца актыўна задавалі надзённыя пытанні.

Дадзена даручэнне кіраўнікам мясцовых гаспадаркі, лясніцтва і сельвыканкама без прамаруджвання арганізаваць работу па спілоўванні старых дрэў на грамадзянскіх могілках у Асаўцы. А вось да барацьбы з бадзячымі сабакамі ў населеным пункце неабходна падключыць не толькі ЖКГ, а і паляўнічых, параіў старшыня райвыканкама.

Шматдзетная матуля звярнулася з асабістай просьбай аб забеспячэнні жылым памяшканнем. Зараз маладая жанчына знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці да 3-х гадоў, а да таго працавала жывёлаводам у ААТ «Асавец-агра». Сям’я вымушана жыць з бацькамі. Наколькі хутка можна вырашыць жыллёвае пытанне, будзе вывучана і праз месяц дадзены адказ.

Была выказана незадаволенасць па арганізацыі збору ЦБА. На што дырэктар жыллёва-камунальнай гаспадаркі Алег Гарчанін зазначыў: «Зацверджаны графік, але здараюцца, што называецца, няштатныя сітуацыі, калі машына з-за няспраўнасці рухаецца па маршруце пазней ці ўвогуле на другі дзень. Будзем старацца пазбягаць гэтага. Дзесьці праз два месяцы набудзем яшчэ адзін смеццявоз, тады зможам наладзіць работу без збояў у графіку».

Прагучалі ад насельніцтва пажаданні аб устаноўцы банкамата ў аграгарадку, каб быў адрамантаваны ліхтар каля аўтобуснага прыпынку ў в. Пласток, каб часцей у населены пункт наведваўся ўчастковы інспектар міліцыі і інш. Гэта надзённыя пытанні, і ўсе яны, па словах Валерыя Мельніка, будуць грунтоўна прапрацаваны.

 


pravoby presgov raispolkom mininf ispolkom portal 1radio