Справай сваёй праславілі родную Любаншчыну
Сёння віруе жыццё на Любаншчыне. Горад развіваецца, ідзе ў нагу з часам. За апошняе дзесяцігоддзе ў райцэнтры адчынілі свае дзверы фізкультурна-аздараўленчы цэнтр і школа народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, новы сучасны будынак атрымалі педагогі і навучэнцы дзіцячай школы мастацтваў… Змяняецца аблічча горада: вуліца Першамайская паступова пераўтвараецца ў праспект, кожны год будуюцца новыя шматпавярховыя дамы. Вялікі ўклад у развіццё раёна ўносіць ЗТАА «Слаўкалій». Дарэчы, будаўніцтва Нежынскага горнаўзбагачальнага камбіната на сёння з’яўляецца самым буйным інвестыцыйным праектам у Беларусі.
І за кожнай гэтай падзеяй, за кожнай з’явай стаяць людзі, нашы землякі, якія спакон вякоў сваёй адданай што-дзённай працай праслаўлялі родную зямлю. Пісьменнікі і мастакі, настаўнікі і спартсмены, навукоўцы і медыкі, паляводы і рабочыя… Шмат рупліўцаў розных прафесій нарадзілася на Любаншчыне. Імёнамі многіх нашых землякоў можна ганарыцца…
Так, творчасць ураджэнца вёскі Смольгава Уладзіслава Сыракомлі любяць не толькі ў Беларусі. Нездарма імя паэта носяць вуліца і сярэдняя школа №19 у Вільнюсе, назвы дзвюх вуліц прысвечаны нашаму земляку ў Варшаве. Яго сучаснік – ураджэнец вёскі Шыпілавічы Павел Шпілеўскі – стаў вядомым расійскім публіцыстам і ўсё жыццё займаўся папулярызацыяй народнай культурнай спадчыны беларусаў. У Мінску таксама ёсць вуліца пісьменніка; пачэснае месца ў калекцыях многіх філатэлістаў заняў паштовы канверт, выпушчаны ў Беларусі тыражом у мільён экзэмпляраў 5 жніўня 1998 года да 175-годдзя Паўла Шпілеўскага.
На пачатку мінулага стагоддзя ў Еўропе распачалася Першая сусветная вайна – на жаль, сёння несправядліва забытая многімі надзвычай жорсткая і кровапралітная ваенная баталія. Не менш за 800 тысяч беларусаў змагаліся на франтах Першай сусветнай, на фронт адправіліся і многія нашыя землякі. Сярод іх Сямён Галай з вёскі Арлёва, Васілій Шаплыка, Канстанцін Рашчэня з Сарачоў, Міхаіл Палазнік з Новай Дубровы і іншыя.
Да канца 1918 года тэрыторыя раёна была цалкам вызвалена ад акупантаў, і з прыходам савецкай улады пачалося будаўніцтва новага жыцця. У краіне распачалася ўсеагульная калектывізацыя. У 1927 годзе ў вёсцы Пласток па ініцыятыве Г.М. Гальчэні быў арганізаваны першы на Любаншчыне калгас «Іскра». Вялікую справу па асушэнні Мар’інскіх балот, шырокай меліярацыі зрабілі ў Камуне і Соснах 1, дзе былі створаны адпаведна калгасы імя Беларускай ваеннай акругі і «Х год БССР». Пра тыя слаўныя часы стваральнай працы ў сваёй паэме «Над ракой Арэсай» пісаў беларускі пясняр Янка Купала.
На жаль, мірнае жыццё было перарвана фашысцкай навалай. У першыя ж дні на тэрыторыі раёна шырока разгарнулася падпольная работа. Не скарыліся ворагу і загінулі, як героі, многія слаўныя сыны нашай Айчыны, у іх ліку старшыня Турокскага сельсавета Апанас Прушак, настаўніца Нежынскай школы Феня Конанава…На ўсю краіну вядомы гераічны востраў Зыслаў, што падчас вайны знаходзіўся сярод непраходных балот. Гэта месца называлі «другой Масквой»: тут працаваў партызанскі аэрадром, выдаваліся газеты – раёнка, а таксама рэспубліканскія «Звязда» і «Чырвоная змена».

Адгрымела вайна, забраўшы жыцці больш чым 16 тысяч любанчан. Фашысты спалілі на Любан-шчыне 27 вёсак, разрабавалі і зруйнавалі ўсе калгасы і саўгасы… Пачался цяжкая работа па адраджэнні эканомікі і сацыяльнай сферы. Чалавекам, пад чыім кіраўніцтвам пачалося аднаўленне раёна, стаў першы сакратар райкама Цімафей Анісімаў.
Не шкадуючы рук і ўласнага часу, шчыравалі на палетках калгасаў. Праца вясковых рупліўцаў была высока ацэнена – першым ва ўсёй рэспубліцы поўным кавалерам ордэна Працоўнай Славы стаў ураджэнец вёскі Старасек Іван Сініцкі. 18 жыхароў раёна ўдастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы: гэта Эмануіл Модзін, Уладзімір Астрэйка, Іван Белічонак, Пелагея Галай, Настасся Герман, Алег Казачок, Павел Калыска, Адам Клюбко, Ульяна Пайграй, Канстанцін Папко, Фёдар Саўчык, Аляксандра Шаплыка, Цімафей Смірноў, Аляксандр Слабада, Фёдар Статкевіч, Настасся Стыкун, Рыгор Сушчэня і Кузьма Шаплыка.

Асобна хочацца адзначыць апошняга з іх – славутага кіраўніка калгаса «Чырвоная змена», чыё імя зараз носіць сароцкае сельгаспрадпрыемства. Нездарма ў цэнтры Любані стаіць помнік Кузьме Іванавічу: пры яго кіраўніцтве і названы калгас, і ўвесь наш раён праславіліся на ўсю рэспубліку. Менавіта дзякуючы яму аграгарадок Сарачы прыняў свой сучасны выгляд.
Жыццё не стаіць на месцы, заканчваецца другое дзесяцігоддзе XXI ст. І новы час прынёс імёны новых герояў, якія праслаўлялі Любаншчыну і працягваюць рабіць гэта і зараз. Сёння дзевяць чалавек маюць званне ганаровага грамадзяніна раёна. Гэта акадэмік НАН РБ, заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі краіны Анатолій Дастанка; пісьменнік, заслужаны работнік культуры рэспублікі і былы супрацоўнік нашага выдання Іван Муравейка; старшыня Мінскага абласнога Савета беларускага грамадскага аб’днання ветэранаў, адзін з Герояў Сацыялістычнай Працы Аляксандр Слабада; заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі, акадэмік Міжнароднай акадэміі навук Барыс Шапіра; доктар тэхнічных навук, прафесар Аляксандр Матвейка; лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, стваральнік горнай машынабудаўнічай галіны ў краіне Віктар Прушак; доктар эканамічных навук, прафесар Міхаіл Пятровіч; акадэмік аграрных навук Беларусі, загадчык сектара навукі Адміністрацыі Прэзідэнта Леанід Кукраш; майстар спорту міжнароднага класа, заснавальнік адкрытага турніра па самба і дзюдо, які штогод праводзіцца на Любаншчыне, Юрый Сенажацкі.

Вядома, называючы лепшых сыноў нашай малой радзімы, мы не можам паставіць кропку. У кожным населеным пункце жывуць, у кожным прадпрыемстве і арганізацыі працуюць іншыя рупліўцы. Многія з іх становяцца героямі публікацый на старонках раённай газеты. І кожны з вас, паважаныя любанчане, можа ўнесці свой уклад у праслаўленне роднай старонкі. Для гэтага трэба ўвасабляць у жыццё свае ідэі, не спыняцца перад цяжкасцямі, шчыра і аддана працаваць і проста любіць сваю Бацькаўшчыну









