Сёння ў Беларусі адзначаюць Дзень работнікаў фармацэўтычнай і мікрабіялагічнай прамысловасці

Общество
15 октября 2020
128
Сёння ў Беларусі адзначаюць Дзень работнікаў фармацэўтычнай і мікрабіялагічнай прамысловасці

Бадай, ніхто не будзе спрачацца з тым, што адным з самых важных і сацыяльна значных аб’ектаў з’яўляецца аптэка. Кожнаму з нас час ад часу даводзіцца яе наведваць. Каб набыць неабходныя лекі, касметычныя сродкі ці іншыя тавары аптэчнага асартыменту. І, вядома, прыемна, калі там сустракаюць ветлівыя, тактоўныя, кваліфікаваныя работнікі.

Менавіта такой з’ўляецца Анастасія Камлюк, фармацэўт-рэцэптар цэнтральнай раённай аптэкі №90. Напярэдадні прафесійнага свята карэспандэнт газеты сустрэўся з ёй, каб пацікавіцца, як працуецца дзяўчыне і чаму абрала такі прафесійны шлях.

Анастасія сціпла паведаміла, што з дзяцінства марыла працаваць фармацэўтам. Яшчэ дзяўчынкай, калі заходзіла з матуляй ці бабуляй у аптэку, то заварожана глядзела на разнастайныя каробачкі і шкляначкі на вітрынах. У старэйшых класах стала цікавіцца ўжо саставам і дзеяннем лекаў. Асабліва старанна вывучала хімію. І ў 10-м класе канчаткова вырашыла – стане фармацэўтам. Як чалавек мэтанакіраваны, паслядоўны ў сваіх словах і дзеяннях, удумлівы і глыбокі, Анастасія Камлюк сумленна рыхтавалася да паступлення. Паўтарала пройдзены матэрыял па хіміі і біялогіі, чытала дадатковую літаратуру па прадметах, адшуквала інфармацыю ў інтэрнэце.

І старанне не аказалася марным. Дзяўчына стала навучэнкай Магілёўскага фармацэўтычнага каледжа. “Вельмі радавалася пасля залічэння, хаця разумела – лёгка не будзе”, – прызналася Анастасія. І сапраўды вучыцца было няпроста. Але жаданне атрымаць прафесію куды мацней. Таму ўважліва слухала лекцыі, скурпулёзна выконвала практычныя заданні, не апускала рукі, калі штосьці з першага разу не атрымлівалася, а старалася дайсці да ўсяго,  разабрацца, ўнікнуць. Каб у выніку стаць добрым спецыялістам. І, вядома, так атрымалася.

Анастасія трэці год працуе ў ЦРА №90. Як зазначылі калегі, яна мэтанакіраваная, адказная, камунікабельная. З першых дзён з цікавасцю на практыцы спасцігала ўсе нюансы аптэкарскай справы, прыслухвалася да парад вопытных работнікаў. І цяпер ужо ні ў чым ім не ўступае.

Фармацэўт-рэцэптар займаецца прыгатаваннем разнастайных раствораў, парашкоў, мазяў, а таксама рэалізоўвае лекі па рэцэптах і без. Цярпліва і з разуменнем ставіцца да ўсіх наведвальнікаў, кожнага ўважліва выслухоўвае, імкнецца дапамагчы, калі ёсць неабходнасць, штосьці параіць.

А ў вольны час дзяўчына любіць спяваць і маляваць. Такія творчыя заняткі дамапагаюць ёй зняць напружанне пасля працоўнага дня і зарадзіцца станоўчай энергіяй на наступны.


pravoby presgov raispolkom mininf ispolkom portal 1radio