Сёння ў Беларусі адзначаюць Дзень друку
Наша раёнка для многіх жыхароў стала ўжо неад’емнай часткай жыцця. Але
далёка не ўсе ўяўляюць, як нараджаецца кожны новы нумар выдання. А гэта,
дарэчы, няпросты творчы працэс, у якім задзейнічаны журналісты, карэктар,
аператары электронага набору і вёрсткі. І калі з карэспандэнтамі героі
публікацый сустракаюцца ўвачавідкі, то, напрыклад, аператары застаюцца, як
кажуць, у цяні. Хаця іх уклад у агульную справу таксама важкі – яны ствараюць
электронныя арыгінал-макеты газетных палос, якія пасля адпраўляюцца ў друкарню.
Варта сказаць, што правільнае размяшчэнне
матэрыялаў на старонцы – сапраўднае мастацтва. І нашы аператары ЭНіВ Вольга
Брагінец і Алена Краўчанка ім валодаюць. Яны выконваюць свае абавязкі на
высокім прафесіянальным узроўні. Дасканала асвоілі спецыяльныя праграмы для
вёрсткі, агульныя правілы афармлення газетных палос. Пры гэтым Вольга
Віктараўна і Алена Віктараўна ўвесь час удасканальваюць сваё майстэрства,
займаюцца самаадукацыяй, пашыраюць веды, што, вядома ж, станоўча адбіваецца і
на дызайне выдання.









