Састаў участковых камісій зацверджаны
Па словах начальніка аддзела арганізацыйна-кадравай работы Наталлі Майсеені, перавага пры ўключэнні ў склад камісій аддавалася грамадзянам, якія ўжо маюць вопыт такой работы, былі задзейнічаны ў папярэдніх выбарчых кампаніях, а таксама карыстаюцца аўтарытэтам па месцы працы і жыхарства і, вядома ж, адказным, камунікабельным, сумленным, свядомым. У выніку сфарміравана 30 участковых камісій з колькасцю членаў ад 6 да 13, у залежнасці ад населеных пунктаў і ліку выбаршчыкаў на замацаванай тэрыторыі. Увогуле задзейнічана 289 чалавек, у тым ліку жанчын – 206 (71,3%), маладых жыхароў (да 30 гадоў) – 9 (3,1%). Упершыню прымуць удзел у выбарчай кампаніі 28 (9,7%) жыхароў раёна.
Як зазначыла Наталля Уладзіміраўна, у састаў участковых камісій уключана па 30 прадстаўнікоў ад грамадскіх аб’яднанняў «Беларускі саюз жанчын» «Беларускі фонд міра», 28 – ад РГА «Беларускі дзіцячы фонд», 27 – ад РГА «Белая Русь», 20 – ад пярвічных прафсаюзных арганізацый, 15 – ад Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, 18 – ад ГА “БРСМ»; акрамя таго, 101 жыхар вылучаны шляхам падачы заяў грамадзян, 20 – ад працоўных калектываў.
Пасля зацвярджэння саставу камісій у трохдзённы тэрмін запланаваны іх першыя пасяджэнні. Далей пачнецца работа па удакладненні спісаў выбаршчыкаў. Варта дадаць, што для прыёму апошніх за 15 дзён да выбараў будзе ўстаноўлена дзяжурства: з панядзелка па пятніцу – з 17 да 19 гадзін, у суботу – з 12 да 14.









