Прыём грамадзян і «прамую тэлефонную лінію» правёў старшыня райвыканкама Валерый Мельнік
Ён уважліва выслухаў пытанні любанчан. Сярод
зваротаў былі як індывідуальнага характару, так і звязаныя з грамадскімi
інтарэсамi. На некаторыя з іх тлумачэнні дадзены адразу. Астатнія ўзяты на
кантроль.
Таццяна Максімаўна ад імя аднавяскоўцаў з Трайчан турбавалася
наконт дайшоўшай да іх чуткі пра закрыццё магазіна ў населеным пункце. Але
Валерый Віктаравіч запэўніў – можна не хвалявацца, гандлёвы аб’ект працягне
працаваць.
Традыцыйна некалькі пытанняў тычыліся тэмы навядзення
парадку. Так, жыхары дома №94 па вуліцы Леніна ў райцэнтры паскардзіліся на тое, што пасля дажджу побач
са шматпавярховікам утвараецца вялікая лужына. У сваю чаргу кіраўнік раёна паведаміў:
«Зараз рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя па добраўпарадкаванні
мікрараёна Любані, згодна з якой будзе прадугледжана і абуладкаванне сістэмы
ліўнёвай каналізацыі». Адпаведна і праблема гараджан вырашыцца. А вось сітуацыю
ў в. Смольгава выправіць атрымаецца раней. Там неабходна падсыпаць дарогу каля
магазіна. І літаральна пасля «прамой лініі» спецыялісты жыллёва-камунальнай
гаспадаркі, на балансе якой знаходзяцца дарогі ў населеных пунктах раёна,
выехалі на месца і вызначылі аб’ём работ. У бліжэйшы час работнікі ДРБУ 193 па
дагаворы выканаюць падсыпку і грэйдзіраванне.
Жыхарка Любані выказала нараканні на ЖКГ з прычыны
затаплення кухні. Старшыня райвыканкама, выслухаўшы, даў даручэнне кіраўніцтву
жыллёва-камунальнай гаспадаркі неадкладна высветліць, у чым справа. Што было
зроблена аператыўна. Спадзяёмся, і работы па ўхіленні прычын затаплення будуць
выкананы ў хуткім часе.
Пра магчымасць выкупа жылых памяшканняў у п.
Радуга, што належаць КСУП «Таліца-агра», альбо прадаўжэння тэрміну дагавора
арэнды (ён заключаны ў снежні 2016 г. на 5 гадоў) пыталіся ў В.В. Мельніка
некалькі гараджан. Пытанне будзе дэталёва вывучана адпаведнымі службамі,
паабяцаў ён, і заяўнікам у адведзены заканадаўствам тэрмін час дадзены вычарпальны
адказ.









