Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 3 красавіка прыняў удзел у рэспубліканскім семінары-нарадзе аб развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны краіны
«Сельскагаспадарчая вытворчасць ужо даўно выйшла за рамкі яе разгляду выключна як часткі эканомікі. Харчаванне – гэта палітыка, і ўнутраная, і знешняя. Таму стаўка на развіты аграрны сектар як на адзін з прыярытэтаў развіцця краіны яшчэ на зары нашай незалежнасці была правільнай. Цяпер ужо ніхто з гэтым не спрачаецца. Ад стану спраў у аграпрамысловым комплексе шмат у чым залежаць дабрабыт і сацыяльна-палітычная стабільнасць у краіне», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь паўнацэнна забяспечвае ўласную харчовую бяспеку, што з’яўляецца важнейшым фактарам незалежнасці.
У мінулым годзе атрыманы добры ўраджай збожжа, рапсу, цукровых буракоў. Сфарміравана нядрэнная сыравінная база. У цэлым за 2017 год дасягнуты прырост у параўнанні з папярэднім па асноўных паказчыках вытворчасці і экспарту сельгаспрадукцыі. «Але сёння размову трэба весці не аб поспехах аграрыяў, а аб існуючых праблемных пытаннях, вырашэнне якіх дазволіць выйсці на больш высокія рубяжы», – падкрэсліў беларускі лідар.
Лукашэнка патрабуе павышэння прадукцыйнасці ў малочнай жывёлагадоўлі
«У жывёлагадоўлі асаблівая роля належыць малочнаму напрамку. Тое, што ён з’яўляецца крыніцай паступлення грашовых сродкаў, добра. Дрэнна, што гэта адзіная стабільная крыніца для вельмі многіх гаспадарак. У нас набыты вопыт інтэнсіфікацыі малочнай вытворчасці. У шэрагу сельскагаспадарчых арганізацый удой у сярэднім большы за 10 т малака (за год ад каровы. – Заўвага БЕЛТА), – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Але ёсць і адваротныя прыклады, калі ў асобных гаспадарках у мінулым годзе не выйшлі нават на 1 тыс. 800 кг. Менш за 2 т. Такія факты проста недапушчальныя!»
«Няўжо міністр сельскай гаспадаркі не бачыць, што колькасць нарыхтоўваемых кармоў расце, а паляпшэння прадукцыйнасці малочнага статка такімі тэмпамі не назіраецца? Значыць, кармоў шмат, але яны не тыя», – звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, выбраная сіласна-канцэнтратная сістэма вельмі затратная і найменш адпавядае фізіялагічным патрэбнасцям жывёл. «Трэба тэрмінова выпраўляць становішча!» – лічыць Прэзідэнт.
«Інвестыцыі ў мадэрнізацыю малочнай галіны далі станоўчыя вынікі. Амаль 40 працэнтаў малочнатаварных ферм працуюць па сучасных тэхналогіях. Але нямала іх яшчэ застаецца недабудаванымі. Патрабаванні да ўрада і аблвыканкамаў ранейшыя: да канца гэтай пяцігодкі завяршыць усё пачатае будаўніцтва такіх ферм», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Нараўне з гэтым ён звярнуў увагу, што мала пабудаваць добры будынак і ўстанавіць найноўшае абсталяванне, трэба яшчэ ўкамплектаваць фермы высакаякасным статкам, паўнацэнна і танна накарміць жывёл і захаваць іх здароўе.
Акрамя таго, прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка, неабходна даць дзейсны імпульс развіццю свінагадоўлі, птушкагадоўлі і авечкагадоўлі. Аляксандр Лукашэнка ўказаў і на нізкую ўвагу да рыбагаспадарчай дзейнасці.
Лукашэнка даручыў ураду выпрацаваць дзейсны механізм рэалізацыі канцэпцыі «вёска будучага»
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што забяспечыць галіну кваліфікаванымі кадрамі, прыпыніць адток працаздольнага насельніцтва ў горад без павышэння якасці жыцця сельскага насельніцтва, прывабнасці аграрнай працы і сельскага ладу жыцця немагчыма. Таму яшчэ адной задачай з’яўляецца стварэнне «вёскі будучага». Жыццё ў ёй ні ў чым не павінна ўступаць гарадскому, падкрэсліў Прэзідэнт.
«Даручаю ўраду сумесна з рэгіёнамі выпрацаваць дзейсны механізм рэалізацыі канцэпцыі «вёска будучага» з улікам рэгіянальных асаблівасцей», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Лукашэнка: у аграрныя ВНУ трэба адбіраць абітурыентаў, знаёмых з жыццём вёскі і вытворчасцю
На думку Прэзідэнта, асноўная прычына парушэнняў тэхналогій у сельскай гаспадарцы – няўменне і нежаданне кіраўнікоў і спецыялістаў арганізаваць работу на належным узроўні.
«Часта мы рыхтуем спецыялістаў, у якіх няма ніякага жадання працаваць у вёсцы. Такі выпускнік праз два гады, прынёсшы не столькі карысці, колькі шкоды гаспадарцы, пойдзе ў іншыя структуры. Урад павінен выбудаваць аптымальную сістэму. Для паступлення ў аграрныя ВНУ неабходна штогод адбіраць абітурыентаў, знаёмых з сельскім укладам жыцця і вытворчасцю», – лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Менавіта іх трэба накіроўваць на мэтавую падрыхтоўку ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на частую змену кіраўнікоў і спецыялістаў на сельскагаспадарчых прадпрыемствах. Паводле яго слоў, адпаведныя рашэнні прымаюцца замест таго, каб дапамагчы разабрацца з прычынамі, якія тармозяць развіццё гаспадарак, і аказаць ім садзейнічанне. У 2017 годзе ў сельскагаспадарчых арганізацыях адзначаны 273 такія выпадкі.
Прэзідэнт падкрэсліў, што кадравыя пытанні не вырашыць без павышэння прэстыжу працы ў вёсцы і ўдасканалення сістэмы яе аплаты. «Патрабаваў і буду патрабаваць своечасовай выплаты заработку нашым работнікам. Пастаўленая задача па павышэнні яго ўзроўню адносіцца і да сельскагаспадарчага сектара, а можа, нават і перш за ўсё да яго. Не такія там багатыя людзі, а працуюць больш, чым гараджане. Але грошы, вядома, павінны быць зароблены», –падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
На думку міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леаніда Зай-ца, развіццё аграрнай галіны стрымліваецца па некалькіх прычынах, у іх ліку недапрацоўкі ў сферы земляробства, што ўскладняе якасную нарыхтоўку кармоў. У жывёлагадоўлі неабходна павышаць эфектыўнасць работы малочнатаварных комплексаў. Ёсць факты безгаспадарчасці і безадказнасці пры эксплуатацыі сельгастэхнікі. Што датычыцца фінансавага аздараўлення арганізацый АПК, то неабходная прававая база для гэтага ёсць, цяпер на першы план выходзіць разумна наладжаны менеджмент.
У аграрнай галіне ў бягучым годзе неабходна прыняць усе меры, каб кожная сельгаскультура давала прыбытак. «У дзеючых умовах такія магчымасці ў краіне ёсць», – лічыць Леанід Заяц.
БелТА.










