Праца хлебароба – самая галоўная
Удзельнікі гарачай пары працуюць зладжана і заўзята, стараюцца ў поўнай меры скарыстаць кожную часіну. Менавіта так арганізавана работа ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Асавец-агра». Зараз па спелых нівах гаспадаркі ходзяць 10 камбайнавых экіпажаў і хуткім часе да іх далучацца яшчэ тры. Поплеч з вопытнымі хлебаробамі працуе і маладзёжны экіпаж на «Палессі GS12» у складзе старшага камбайнера Данііла Раманчука і камбайнера Канстанціна Мартынава. За першыя дні кампаніі дзякуючы агульнай шчырай працы ўбрана 345 гектараў зерневых – 12 працэнтаў ад плана – пакуль гэта вышэйшы паказчык сярод сельгасарганізацый раёна. Намалочана і адвезена на зернесушыльныя комплексы і ўстаноўкі каля 700 тон збожжа, паведамілі спецыялісты агранамічнай службы ААТ.
У сельгасарганізацыі надаюць вялікую ўвагу пажарнай бяспецы і ахове працы. Для ўдзельнікаў гарачай пары зацверджаны ўмовы спаборніцтва на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых, прама ў полі арганізавана двухразовае гарачае харчаванне, у майстэрнях працуюць душавыя, дзе можна памыцца пасля рабочага дня.
У гэтым годзе, каб атрымаць годны каравай, трэба будзе прыкласці шмат намаганняў. Хочацца спадзявацца, што пачатак жніва ў добры час дасць свой плён, не падвялі б толькі тэхніка і надвор’е. Усё астатняе – справа рук вяскоўцаў, настроеных убраць з палеткаў ураджай да апошняга зярняці.









