Праца на гарадзішчы Обчын завершана
На працягу 2012-2019 гадоў супрацоўнікі Інстытута
гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі выконвалі мерапрыемствы па ахове
гісторыка-культурнай каштоўнасці гарадзішча жалезнага веку Обчын.
За гэты час праведзены буйнамаштабныя раскопкі,
даследавана звыш 20 000 квадратных метраў культурнага пласту ўнутранай
пляцоўкі і абарончых збудаванняў – валоў, рвоў. Праца працягвалася пры розных
умовах надвор’я. Як паведамілі падчас выязной нарады намеснік дырэктара Інстытута
гісторыі Вадзім Лакіза і навуковы супрацоўнік аддзела архелогіі першабытнага
грамадства Сяргей Ліневіч, выкарыстоўвалася методыка даследавання суцэльнымі
прарэзкамі. Адразу экскаватарам здымалася 10 см глебы, потым работнікі
зачышчалі вызваленую тэрыторыю, праводзілася фатаграфаванне, праверка металадэтэктарам.
Падчас раскопак знойдзены ўтулкавыя кельты, сякеры, датаваныя ад 7 стагоддзя да
нашай эры, рэшткі посуду і нават цэлы гаршочак мілаградскай культуры,
упрыгожванні, напрыклад, ажурная шпілька – адна з першых на тэрыторыі Беларусі.
Увесь матэрыял будзе грунтоўна прапрацаваны і пасля дадзены адказ, у які перыяд
гарадзішча існавала.
– Але ўжо зараз па атрыманай інфармацыі можна сведчыць
пра тое, што там меліся як мінімум дзве сцяны, у тым ліку адна апорная, якая
падтрымлівала вал, – зазначыў Сяргей Барысавіч. – А знішчана гарадзішча ў
выніку пажару.
Праца на гарадзішчы Обчын завершана, яно дэталёва вывучана,
і цяпер рыхтуецца неабходны пакет дакументаў для зняцця статуса
гісторыка-культурнай спадчыны. Дарэчы, даследчыя работы вяліся па дагаворы,
заключаным паміж ЗТАА «Слаўкалій»
і Інстытутам гісторыі. На працягу ўсяго педыяду дамоўленасці не парушаліся,
выконваліся патрабаванні заканадаўства, заказчык, у якасці якога выстапаў «Слаўкалій»,
у поўнай меры забяспечваў фінансаванне па ахове археалагічнай спадчыны,
падкрэсліў В.Л. Лакіза і падзякаваў прадстаўнікам замежнага таварыства за
плённае супрацоўніцтва і ўзаемаразуменне.









