Прайшлі чарговыя калядныя духоўна-асветніцкія чытанні Любанскага благачыння
Яны, як і ў папярэднія разы, атрымаліся змястоўнымі
і цікавымі, сабралі ва ўтульнай зале дзіцячай школы мастацтваў шмат любанчан.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў чытанняў з прывітальным
словам, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі
райвыканкама Таццяна Аляксеева павіншавала ўсіх з вялікім і светлым святам
Нараджэння Хрыстова, пажадала веры, надзеі і любві. А таксама адзначыла, што
размова пра важнасць ролі традыцыйных маральных каштоўнасцей не абмяжуецца
толькі гэтым мерапрыемствам. Прадоўжыцца яна ва ўстановах адукацыі, у працоўных
калектывах. Важна, каб і дзеці, і дарослыя разумелі – вечныя каштоўнасці ні чым
нельга падмяніць, міласэрнасць, цярпенне, стойкасць веры і духу павінны быць
асновай чалавечых думак, слоў і ўчынкаў.
Па традыцыі чытанні пачаліся з малебна, які
адслужыў благачынны Любанскай царкоўнай акругі, настаяцель храма Праабражэння
Гасподняга протаіерэй Аляксандр Драгун. Затым ён распавёў пра гісторыю,
традыцыі Раства Хрыстова, агучыў розныя меркаванні і погляды навукоўцаў на гэты
конт. Айцец Аляксандр зазначыў, што радасць нараджэння Сына Божага
суправаджалася вялікім выпрабаваннем веры. Але Ён перамог, выратаваў свет… З
таго часу мінула шмат стагоддзяў. Аднак кожны раз на гэта свята мы перажываем
незвычайную ўрачыстасць, якая ўмацоўвае нашу веру ў дабро, напаўняе духоўнымі
сіламі.
Настаяцель храма Казанскай іконы Божай Маці іерэй
Андрэй Еўшаль паразважаў на тэму гендэрнай роўнасці. На сучасным этапе развіцця
грамадства ўсталяванню яе надаецца вялікае значэнне, у тым ліку і на дзяржаўным узроўні – прымаюцца
адпаведныя праграмы. У еўрапейскіх краінах такая тэндэнцыя намецілася даўно,
заўважыў айцец Андрэй. Але ці павінны беларусы з іх укладам жыцця і традыцыямі
імкнуцца да дасягнення гэндэрнай роўнасці? Свяшчэннаслужыцель прывёў шэраг
доказаў, што не. Бог стварыў мужчыну абаронцам і здабытчыкам, жанчыну –
захоўвальніцай і выхавальніцай. І гэта адрозненне існуе для таго, каб ім было
цікава разам, каб маглі нараджаць і расціць дзяцей, каб была гармонія ў
сямейных адносінах. У кожнага сваё прызначэнне, функцыі, і параўнаваць іх немагчыма.
Пасля выступленняў прадстаўнікоў духавенства
праведзена цырымонія ўзнагароджвання. Благачынны Любанскай царкоўнай акругі сардэчна
падзякаваў за вялікі асабісты ўклад у маральна-духоўнае выхаванне дзяцей,
падлеткаў, за самаадданую працу на карысць Бацькаўшчыны, на славу Божую і
ўручыў Архіерэйскую падзяку дырэктару школы мастацтваў Васілю Стэльмаху,
загадчыцы лабараторыі вольнага часу Забалацкага сельскага Дома культуры
Настассі Караліс, епархіяльны медаль Праведнай Сафіі Княгіні Слуцкай ІІ ступені
дырэктару школы народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Любові Серавокай.
Працягам прыемнага моманту сталі музычныя віншаванні. Спачатку выхаванцы ДШМ
парадавалі прыгожымі нумарамі, а потым на сцэне іх змянілі ўдзельнікі калектыву
«Рэзананс» з г. Мінска і Міжнароднай садружнасці праваслаўных аўтараў і
выканаўцаў «Благадар» з канцэртнай праграмай «Час жыць». Гучнымі апладысментамі
гледачы віталі артыстаў.









