Прафсаюзы завітаюць на кожную ферму
Акцыя прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу праводзіцца ўжо ў чацвёрты раз. У яе межах прадугледжана ўзнагароджванне лепшых работнікаў усіх жывёлаводчых комплексаў і ферм раёна незалежна ад паказчыкаў.
Як адзначыў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Статкевіч, усяго на Любаншчыне маюцца 44 такія аб’екты – і плануецца наведаць кожны з іх, каб адзначыць дыпломамі і падарункамі самых дбайных рупліўцаў.
Стартавала раённая акцыя ў ААТ «Чырвоная Змена» імя К.І. Шаплыкі». Разам з дырэктарам сельгаспрадпрыемства Алегам Лапановічам старшыня райкама прафсаюза завітаў на малочнатаварныя фермы «Калотаўка», «Азярное», «Рэдкавічы» і «Арлёва», дзе за дасягненне высокіх паказчыкаў у галіне адзначылі лепшых працаўнікоў. Імі адпаведна сталі жывёлавод Мікалай Брагінец, аператар машыннага даення кароў Алена Лашч, жывёлавод Міхаіл Насановіч і аператар машыннага даення кароў Іна Комар.

Таксама Віктар Мікалаевіч сустрэўся з жывёлаводамі ААТ «Юрковічы», два аператары машыннага даення кароў дадзенай гаспадаркі атрымалі падарункі ад райкама прафсаюза. На малочна-таварным комплексе «Запалле» лепшых паказчыкаў у сваёй працы дасягнула Тамара Грэк, на аднайменнай малочнатаварнай ферме Падзяку ўручылі Руслану Брагінцу. Да таго ж падарункі ад пярвічкі прафсаюза атрымалі некаторыя іншыя рупліўцы МТФ.
Акцыя «Наш жывёлавод» працягваецца, наперадзе – вызначэнне найбольш дбайных працаўнікоў у іншых сельскагаспадарчых арганізацыях раёна.









