Прадстаўнікі раённай вертыкалі ўлады не пакідаюць па-за ўвагай звароты, якія жыхары агучваюць падчас “прамых ліній” і прыёмаў грамадзян
Усе запыты грунтоўна вывучаюцца, іх выкананне бярэцца на кантроль. А заяўнікам даецца тлумачэнне ў адведзены заканадаўствам тэрмін. “Кожную канкрэтную сітуацыю неабходна разглядаць вельмі ўважліва, і, калі маецца магчымасць, то абавязкова дапамагчы чалавеку”, – такой думкі прытрымліваецца кіраўніцтва нашага рэгіёну.
Варта сказаць, любанчане ўзнімаюць не толькі жыллёва-бытавыя праблемы, што тычацца іх асабіста, але і дзеляцца клопатамі наконт агульназначных пытанняў. Так, жыхар вёскі Арлёва выказаў намесніку старшыні Любанскага райвыканкама Мікалаю Кудры нараканне на дрэнны стан дарог па вул. Фруктовай і Савецкай у населеным пункце. Яно было пераадрасавана ў жыллёва-камунальную гаспадарку. І працаўнікі яе, як толькі дазволіла надвор’е, выканалі работы па падсыпцы і прафіліраванні на ўказаных вуліцах.
Некалькі тэлефонных званкоў кіраўніцтву раёна паступіла ад вяскоўцаў з аграгарадка Сосны 1. Іх турбавала, што ў мясцовай амбулаторыі няма ўрача. Адпаведна медыцынская дапамога насельніцтву аказвалася непаўнавартасна. Звароты, канешне, былі накіраваны ў Любанскую цэнтральную райбальніцу. Хаця там і да гэтага ўжо пытанне было на кантролі. Вырашана яно пакуль такім чынам: двойчы на тыдзень (па аўторках і чацвяргах) у амбулаторыю прыязджае ўрач агульнай практыкі, які вядзе прыём пацыентаў. Акрамя таго, вяскоўцы штодня могуць звяртацца да памочніка ўрача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе.
Як кажуць, кранала за жывое гараджанку з вуліцы Леніна праблема бадзяжных сабак. Безгаспадарчыя жывёліны не толькі супярэчаць санітарным нормам, але і ствараюць пэўную пагрозу для людзей. Таму маецца неабходнасць прыняцця мер па забеспячэнні бяспекі насельніцтва, зазначыла жанчына падчас “прамой лініі” з упраўляючым справамі райвыканкама Аленай Кайдо. Улічваючы, што вырашэнне запыта знаходзіцца ў кампетэнцыі ЖКГ, то туды ён і быў напраўлены. А адказныя працаўнікі ў сваю чаргу правялі адлоў бяздомных сабак на вул. Леніна (у прыватнасці, каля шматкватэрнага дома №107А).
Жыхарку Забалаці непакоіла два пытанні: “Чаму адсутнічаюць маршруты пасажырскага транспарту праз гэты населены пункт?” і “Калі будзе добраўпарадкаваны ўчастак у вёсцы, на якім згарэў жылы дом?” Абодва разгледжаны, і жанчыне дадзены адказы. Што датычыць транспартнага абслугоўвання, то, па інфармацыі Мінаблпасажыртрансу, яно арганізавана дастатковай колькасцю прыгарадных маршрутаў: звыш 60 рэйсаў у тыдзень. Непасрэдна праз населены пункт ажыццяўляецца “Любань – Смольгава – Любань”. Да таго ж жыхары Забалаці могуць скарыстацца паслугамі прыватнага перавозчыка (ІП Дзядзюля). Магчымасць увядзення дадатковых рэйсаў праз Забалаць неаднаразова вывучалася, аднак у сувязі з нізкім узроўнем пасажырапатоку і значнымі фінансавымі стратамі гэта аказалася немэтазгодна.
А наконт навядзення парадку на пустуючай сядзібе жанчыну запэўнілі, што сёлета там будуць праведзены неабходныя работы. Юшкавіцкім сельвыканкам згаданы ўчастак унесены ў план па добраўпарадкаванні населенага пункта.









